viasna on patreon

Закон – не для суддзяў?

2013 2013-09-10T12:27:57+0300 2013-09-10T12:28:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/labkovi4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лабковіч

Уладзімір Лабковіч

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Лабковіч 4 верасня атрымаў па пошце з Мінскага гарадскога суда пастанову пра адмену пастановы суда Савецкага раёна сталіцы па адміністратыўнай справе, паводле якой ён быў аштрафаваны на тры мільёны рублёў.  

Пастанову пра штраф ад 6 жніўня 2013 года, вынесеную на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (“парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства”) суддзёй Савецкага раёна Дзмітрыем Паўлючэнкам, праваабаронца абскарджваў у касацыйным парадку адначасна з Таццянай Рэвяка. Нагадаем, абодва сябры Рады ПЦ “Вясна” былі затрыманыя ў цэнтры Мінска 5 жніўня, калі раздавалі мінакам інфармацыйныя ўлёткі з нагоды другой гадавіны ўтрымання за кратамі па палітычных матывах старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага. Адміністратыўныя справы абодвух разглядаліся 6 жніўня ў судзе Савецкага раёна. У выніку Таццяну Рэвяка суддзя Марына Фёдарава пакарала па аналагічыным артыкуле аналагічным штрафам.

Толькі вынікі разгляду скаргаў праваабаронцаў у касацыйнай інстанцыі чамусьці апынуліся неаналагічнымі. Скаргу Таццяны Рэвяка суддзя Мінгарсуда Аляксей Бычко разгледзеў 27 жніўня, пакінуўшы пастанову пра штраф у сіле. Разгляд скаргі Уладзіміра Лабковіча быў прызначаны на пазнейшы тэрмін, 30 жніўня. У той дзень Уладзімір Лабковіч не змог прысутнічаць у судзе, аднак рашэнне касацыйнай інстанцыі, зыходзячы з недарэчнасці самога прысуду і выніку касацыі ў справе Таццяны Рэвяка, ён бачыў прадказальным – аналагічным пастанове ў дачыненні калегі.  

Па словах Лабковіча, пастанова суддзі Мінгарсуда Камісарава, паводле якой яго справа будзе накіраваная ў суд Савецкага раёна на перагляд іншаму суддзі, сталася сапраўднай нечаканасцю. Разам з тым, як заўважае праваабаронца, дадзеная сітуацыя толькі пацвердзіла, што суддзі, разглядаючы касацыйныя скаргі, не кіраваліся нормай закона.

“Суддзі ў касацыйнай інстанцыі, прымаючы два супрацьлеглыя рашэнні па аналагічных справах, не кіраваліся нормай закона, паводле якога відавочна, што як дзеянні Таццяны Рэвяка, так і мае ўвогуле не могуць кваліфікавацца як адміністратыўнае парушэнне, - кажа Уладзімір Лабковіч. - Вызначэнне суда аб адмене майго штрафа і накіраванне справы на новы разгляд я расцэньваю як выключна юрыдычны крок, бо Мінскі гарадскі суд не мог пакінуць па-за ўвагай грубыя парушэнні падчас майго працэсу”.

Праваабаронца мяркуе, што пры новым разглядзе яго адміністратыўнай справы ў судзе Савецкага раёна будзе выканана фармальная працэдура з захаваннем папарэдняга пакарання.  

 

Пастанова Мінгарсуда на касацыйную скаргу Ул. Лабковіча (с.1)
Пастанова Мінгарсуда на касацыйную скаргу Ул.Лабковіча (с.2)
Пастанова Мінгарсуда на касацыйную скаргу Ул.Лабковіча (с.3)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства