Бабруйскія ідэолагі забаранілі «апазіцыйныя» фота
8 верасня 2013 года ў гарадскім парку культуры і адпачынку Бабруйска прайшла «Сушка» – выстава фотааматараў і фатографаў-прафесіяналаў.
Любы ўдзельнік выставы з дапамогай прышчэпак для бялізны мог прымацаваць свае працы на спецыяльныя вяроўкі, працягнутыя паміж дрэвамі.
У абмен на свае фатаграфіі можна было забраць тыя здымкі, што найбольш спадабаліся.
Падзея выклікала цікавасць у бабруйчан і мясцовых СМІ. Арганізатары і ўдзельнікі засталіся задаволеныя тым, як усё прайшло.
Але напярэдадні выставы стала вядома, што мясцовыя ідэолагі паставілі яе арганізатарам умову: ніякіх фотаздымкаў апазіцыйнага характару. Гэтак жа, як парнаграфічных, а таксама тых, што прапагандуюць фашызм, нацызм, расізм, міжнацыянальную варожасць, гвалт.
«Пад «апазіцыйнымі» мясцовыя ўлады традыцыйна маюць на ўвазе ўсе фотаздымкі, публікацыі, якія, на іх думку, не ўпісваюцца ў афіцыйную ідэалагічную дактрыну, – кажа галоўны рэдактар «Бабруйского курьера» Анатоль Санаценка. – Таму «апазіцыйным» можа быць названа, напрыклад, фота бамжа, дрэнных дарог або, скажам, шыкоўнай машыны мясцовага «мэра».
«Сушка» – гэта міжнародны выставачны праект абмену фатаграфіямі, які аб'ядноўвае больш за 90 гарадоў і 40 000 удзельнікаў у розных краінах.
Упершыню “Сушка” адбылася 25 мая 2011 г. у Санкт-Пецярбургу ў двары газеты «Известия». Аналагічныя мерапрыемствы прайшлі ў Маскве, Уладзівастоку, Растова-на-Доне, Казані, Мінску, Кіеве, Лондане і ў больш чым 70 іншых гарадах і краінах.
Наколькі вядома службе маніторынгу БАЖ, абмежаванні цэнзурнага плану, звязаныя з «апазіцыйнай» тэматыкай фота, былі толькі ў Бабруйску.