Баранавіцкі гарвыканкам забараніў пікет супраць расійскай авіябазы
4 верасня стала вядома, што Баранавіцкі гарвыканкам не дазволіў пікет супраць расійскай авіябазы, які запланаваў грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус на 8 верасня – у Дзень беларускай вайсковай славы.
Грамадскі актывіст хацеў публічна выказаць пратэст супраць пагрозы размяшчэння на тэрыторыі Беларусі замежных вайсковых баз і вайсковых аб’ектаў. Планавалася, што ў мерапрыемстве прымуць удзел 10 чалавек, якія будуць выкарыстоўваць транспаранты і плакаты “Беларусь – мірнае неба Еўропы” і “Беларусь – нейтральная краіна”.
У адказе, які падпісаў намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дзмітрый Касцюкевіч, паведамляецца, што Мікалай Чарнавус 19 лістапада 2012 года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці згодна арт. 23.34 ч.2 КаАП за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масававага мерапрыемства. Раней мы паведамлялі, што суддзя Аксана Сарахман прысудзіла Мікалаю Чарнавусу адміністрацыйны штраф у памеры трох мільёнаў рублёў за правядзенне дабрачыннага абеду на Баранавіцкім кааператыўным кірмашы.
На гэтай падставе, спасылаючыся на арт. 5 (абзац 6) Закона РБ “Аб масавых мерапрыемствах” ад 30 снежня 1997 года, Баранавіцкі гарвыканкам забараніў Мікалаю Чарнавусу правядзенне пікета 8 верасня.
Нагадаем, што за апошні год у горадзе не было дазволена ні аднаго масавага мерапрыемства апазіцыі ў вызначаным гарвыканкамам месцы. Усе заяўкі на пікеты і мітынгі былі забаронены баранавіцкімі чыноўнікамі.