Журналістку TUT.BY выклікаюць у Следчы камітэт
Следчы ўпраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску Андрэй Еўлаш хоча апытаць журналістку TUT.BY Кацярыну Сінюк з нагоды публікацыі інфармацыі, афіцыйна прадстаўленай міліцыяй.
Гаворка ідзе пра матэрыял пра былога кіраўніка міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “У дапамогу дзецям-сіротам” Вячаслава Давыдовіча, затрыманага 29 жніўня па падазрэнні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Адразу пасля затрымання Давыдовіча Кацярына Сінюк афіцыйна звярнулася па інфармацыю ў праваахоўныя органы Беларусі. Пасля публікацыі матэрыялаў журналістцы пачалі паступаць патрабаванні не паведамляць нічога пра лёс Вячаслава Давыдовіча.
А 4 верасня журналістка атрымала афіцыйную позву з патрабаваннем з’явіцца ў Следчы камітэт. Сама ж Кацярына Сінюк мяркуе, што ў дадзеным выпадку мае месца негалоснае супрацьстаянне двух сілавых ведамстваў, бо інфармацыя, апублікаваная ў яе артыкуле, была афіцыйна прадстаўлена міліцыяй.
Паводле позвы, да следчага сябра ГА “БАЖ” Кацярына Сінюк абавязаная з’явіцца 5 верасня а 10-й раніцы.