Брэсцкім дэпутатам прапануюць заняцца дарожным пытаннем
Мясцовы актывіст
грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Ігар
Маслоўскі накіраваў народным абраннікам зварот, у якім прапануе разгледзець
на сесіі гарадскога Савета дэпутатаў пытанне пра якасць і своечасовы рамонт
дарожнага пакрыцця ў абласным цэнтры.
У сваім звароце Маслоўскі спаслаўся на Закон РБ “Аб мясцовым кіраванні і
самакіраванні”, які дэкларуе, што адным з асноўных прынцыпаў самакіравання
з'яўляецца абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама галоснасць
і ўлік грамадскай думкі, пастаяннае інфармаванне грамадзян аб прынятых рашэннях
па найважнейшых пытаннях мясцовага значэння.
“У 2012-2013 гадах стан дарожнага пакрыцця ў Брэсце з’яўляецца адной з галоўных
агульнагарадскіх праблем, - лічыць Маслоўскі . - Выраз “Няякасны асфальт
сыходзіць разам са снегам!” набыў рэальнасць у нашым горадзе, і нават самі прадстаўнікі
гарадскіх службаў казалі, што на пачатак вясны гэтага года для 80% дарог у Брэсце
ўжо скончыліся ўсе гарантыйныя тэрміны эксплуатацыі і яны даўно патрабуюць
капітальнага рамонту”.
Менавіта таму актывіст “Гавары праўду!” прапануе
ўключыць “дарожнае” пытанне ў парадак дня сесіі гарсавета, а таксама стварыць
камісію, якая будзе ажыццяўляць кантроль за станам дарожнага пакрыцця. Акрамя
таго, на думку Маслоўскага, неабходна правесці маніторынг наконт якасці
асфальтавага пакрыцця (бітуму), які выкарыстоўваецца падчас рамонту, а ў перспектыве
- распрацаваць і зацвердзіць рэгіянальную праграму дарожнага будаўніцтва.