viasna on patreon

Лісты праваабаронцы з-за кратаў

2013 2013-08-04T15:32:00+0300 2013-09-12T13:11:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Мінула два гады з моманту арышта Алеся Бяляцкага, два гады знаходжання за кратамі, па-за звычайнымі штодзённымі справамі. Але і гэты час у пэўнай ступені не аказаўся дарма страчаным, ён шмат чытае, разважае, піша. І значную частку сярод гэтага займае ліставанне, бо палітвязень адказвае на кожны ліст, паштоўку, якія атрымлівае. Акрамя таго, Алесь піша лісты-эсэ з успамінамі пра падзеі мінулых гадоў. Яшчэ калі знаходзіўся пад следствам на Валадарцы, ён напісаў пяць такіх лістоў з расповедамі пра 80-90 гады 20 стагоддзя, калі ён пачынаў сваю грамадскую дзейнасць. Гэтыя лісты-успаміны друкаваліся ў "Народнай Волі".

Пазней у бабруйскай калоніі Алесь працягнуў пісаць успаміны, але яны тычацца ўжо апошніх двух гадоў, што папярэднічалі ягонаму арышту. Спроба прааналізаваць сітуацыю, занатаваць асабістыя развагі і гістарычныя падзеі, падсумаваць вынікі праваабарончай дзейнасці вылілася ў цэлы стос лістоў, якія мы, калегі палітвязня, і прапануем зараз вашай увазе праз блог Алеся Бяляцкага на сайце «Белорусский партизан». 

 Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013. Выстаўляцца яны будуць па храналогіі падзеяў, а не па датах напісання, з захаваннем на пісьме традыцыйнай мяккасці вымаўлення.

 

Лісты зь няволі  

Цытата: “Пісаць пра падзеі 2010–2011 гадоў і лёгка, бо яны, здаецца, добра-такі адбіліся ў маёй памяці, і цяжка, бо ўсё ж час няўмольна зьядае сьвежыню эмоцыяў, сотні і тысячы дробных дэталяў, якія ствараюць шматфарбную карціну жыцьця. Набягаюць новыя падзеі, новыя ўражаньні, якія адцясьняюць і заціраюць старыя”.

 

15 траўня 2013 г., Бабруйск

Я доўга думаў, як падступіцца да гэтага ліста. Мінула ўжо даволі часу, як мяне арыштавалі. Я ўсё спрабую скласьці гэты дзень у адзінае цэлае, а ён рассыпаецца на асобныя кавалачкі. І я не ведаю, з чаго пачаць, каб сталі зразумелымі пачаткі і прычыны майго арышту. Атрымліваецца, што пачынаць патрэбна як мінімум з 25 верасьня 2010 года. Гэта быў дзень майго нараджэньня. І як чамусьці часта бывала ў ранейшыя гады, удома мяне не было.

На 24–25 верасьня прыпаў Другі зьезд беларускіх праваабаронцаў, які мы праводзілі ў Вільні. Чаму там, я думаю, зразумела. Бо сабраць болей за сто праваабаронцаў, якія прадстаўляюць 17 розных праваабарончых арганізацыяў, у Беларусі было проста нерэальна. У 2004 годзе нам яшчэ ўдалося правесьці Першы праваабарончы зьезд на базе адпачынку пад Менскам. Стаяла зіма, было сьнежна, чыста, бела і прыгожа, мароз стаяў ноччу да мінус дваццаці. Было жахліва холадна. Людзі грэліся як маглі, у асноўным палкімі прамовамі і гарачымі сэрцамі.

Вось жа, мінула шэсьць гадоў — і мы вырашылі сабрацца ізноў, выкарыстаўшы як нагоду гадавую сустрэчу сяброў-заснавальнікаў віленскага Дому правоў чалавека і запрасіўшы ў Вільню таксама калегаў зь іншых праваабарончых арганізацыяў. На зьезьдзе мы абмяркоўвалі Стратэгію беларускіх праваабаронцаў, рамачны дакумент з агульнымі палажэньнямі і нашымі намерамі ў працы, і нават прынялі яго ў першым чытаньні. Таксама былі прынятыя некалькі рэзалюцыяў, якія датычыліся бягучай сітуацыі з правамі чалавека. У Віцебску напачатку года быў асуджаны Каваленка, працягваў адбываць пакараньне Аўтуховіч, увесну былі вынесеныя чарговыя сьмяротныя прысуды. Не адбывалася ніякіх зьменаў у заканадаўстве да прывядзеньня яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі, амаль не рэгістраваліся новыя няўрадавыя арганізацыі, як і раней, заставаліся праблемы з рэгістрацыяй і распаўсюдам незалежнай прэсы. Элементарны аналіз паказваў, што гайкі зноў могуць закруціцца. Нам было неспакойна і няпэўна. У сваіх рэзалюцыях мы напісалі пра гэта, а таксама пра тое, што мы чакаем і спадзяемся як мінімум на неўжываньне гвалту падчас выбараў. Адным словам, мы заклікалі: давайце жыць мірна! І нашае грамадства ад гэтага толькі выйграе.

Можа, гэта падаецца і наіўным у нашых умовах, але нічога лепшага за перамовы ў грамадскіх стасунках чалавецтва не прыдумала. І калі перамовы не спрацоўваюць, тады трэба чакаць бяды. Такім чынам, мы абмеркавалі і прынялі важныя праваабарончыя дакументы і рэзалюцыі, якія і на сёньня застаюцца актуальнымі і надзённымі.

Што было не менш істотным для нас, дык гэта тое, што ўпершыню за шэсьць гадоў мы сабраліся разам такой прадстаўнічай праваабарончай грамадою. Праваабаронцы прыехалі і зь Менска, і з рэгіёнаў паслухаць адзін аднаго, паразмаўляць, падзяліцца ўзаемнай энэргіяй. Як бы там ні было, а за апошнія 10–15 гадоў праваабарончы рух у Беларусі ўкараніўся, разросься і ўмацаваўся. На зьезьдзе былі і спрэчкі, і дэбаты, але ўсе мы пачуваліся як адная вялікая сям’я.

Уся нашая грамада разьмясьцілася ў шматпавярховым гатэлі, які ў савецкія часы называўся “Вільнюс”, а зараз яго выкупіла адна з сусьветных гатэльных сетак і зьмяніла назву.

Побач з гатэлем была крама, знакамітая ў Літве Maxima. І 24-га яшчэ ўвечары мы зайшлі з маім сябрам і калегам Валянцінам у яе, каб купіць піва і сыру. Адразу пры ўваходзе ў залу стаялі стэнды з кветкавымі цыбулінамі і насеньнем цюльпанаў, нарцысаў, гладыёлусаў ды іншых кветак. Каля гэтых стэндаў я адчуў рэальную адсутнасьць межаў у Еўразьвязе. Выбар кветкавага насеньня ў Менску значна бяднейшы, і цыбуліны кветак даражэйшыя ў тры разы. Адным словам, я забыўся пра піва і пра сыр і хадзіў вакол гэтага стэнду з кветкамі як зачараваны. Затым пачаў кідаць разнастайныя пакункі сабе ў кош.

І так я выбіраў, выбіраў кветкі, не могучы спыніцца, аж пакуль не настала 22 гадзіны. У гэтую гадзіну ва ўсіх маркетах у Літве спыняецца продаж алкаголю, і піва ў тым ліку. Прычым, ведаючы звычку літоўцаў, як і беларусаў, усё купляць у апошнюю хвіліну, ці ўжо і пасьля яе, у маркетах на сьпіртное ўведзена электронная блакіроўка касы. Пасьля дзесятай вечара гэтыя касы перастаюць выбіваць кошты на сьпіртное, і ўгаворвай касірку ці не ўгаворвай, пасьля дзесяці піва ў касе ўжо не праб’еш. Вось так і застаўся я з кошыкам кветкавых цыбулінаў, але без піва.

 

Бабруйск (20.05.13 па штэмпелю)

Працягваю аповед пра свой дзень нараджэньня.

Дык вось, назаўтра, 25 верасьня, быў мой дзень нараджэньня. Падчас зьезду дзяўчаты падарылі мне букет кветак і павіншавалі. Пасьля абеду ўдзельнікі нашага праваабарончага форуму пачалі разьязджацца. А мы, арганізатары, засталіся яшчэ на дзьве гадзіны для падсумаваньня вынікаў. Гэта было важна і цікава, прааналізаваць зьезд праваабаронцаў адразу пасьля яго заканчэньня. Усе пагадзіліся, што паўтара дні працы — гэта мала. Два, а то і тры дні было б у самы раз. Занадта рэдка мы сустракаемся ў такім поўным складзе, багата тэмаў ёсьць для абмеркаваньня, а мы не пасьпяваем гэта зрабіць якасна. Станоўчым было тое, што погляды ўдзельнікаў зьезду з розных беларускіх праваабарончых арганізацыяў па асноўных пытаньнях былі практычна аднолькавымі. Мы выступалі адзіным фронтам. Мы зьяўляліся часткаю міжнароднага праваабарончага руху. Мы ўдзельнічаем у ім, мы ўзбагачаем і разьвіваем яго.

Скончылі падсумаваньне ўжо каля сёмай гадзіны вечара. Затым сабраліся, разьвіталіся і разьехаліся. Мы селі ўчатырох у маленькае «пежо» і паехалі ў бок літоўска-беларускай мяжы.

Сваё кветкавае насеньне я параздаваў патроху менчукам, каб забраць яго ў Менску, бо перавозіць насеньне празь мяжу забаронена. Гэта лічыцца парушэньнем санітарных экалагічных нормаў.

Неяк з год перад гэтым увесну вёз я з Польшчы разнастайнае насеньне гароху, радыскі, морквы і ўсяго таго, што патрэбна агародніку ўвесну. У той час я быў у абавязковых сьпісах на праверку. Вось жа памежнік, убачыўшы цэлы ворах папяровых пакуначкаў з разнастайнымі бубкамі і зярняткамі, паклікаў экалагічную службу. Дзьве жанчынкі завялі мяне ў свой кабінет, выслухалі мае аргументы: “Вой-вой-вой! А чым жа я градкі засяваць буду!” — і прапанавалі: што ўвойдзе ў кішэні — тваё, астатняе прыйдзецца пакінуць. Кішэні ў мяне былі глыбокія — і ў нагавіцах, і ў куртцы. Амаль усё і ўлезла, штосьці і жанчынам пакінуў на іхнія грады.

У дарозе на мяжу нам патэлефанавалі з машыны, якая выехала раней за нашую, і паведамілі, што на пераходзе “Каменны Лог” дужа багата машынаў. Мы зьвярнулі налева і паехалі на суседні пераезд “Катлоўка”. Дарога ішла па невысокіх прывіленскіх узгорках. Было відаць, як некаторыя распрацаваныя раней палі засаджаныя маладым сасоньнікам. Мы прыехалі на пераезд, але і там машынаў аказалася нямала. І што было рабіць? Мы сталі ў калейку зь легкавікоў. Я дастаў пляшку каньяку, сыр, і мы пачалі адзначаць мой дзень народзінаў. Мы пілі грэцкі каньяк з рыльца і заядалі яго пахкім сырам. Меў рацыю Максім Багдановіч у сваім вершы “Межы”, марачы, што калі надыдзе такі час і межы зьнікнуць, тады разам зь імі зьнікне і зло.

На мяжы мы прастаялі чатыры гадзіны. А затым была пустынная верасьнёўская дарога. У Менск мы прыехалі каля чатырох ранку. Дзьверы ў кватэру мне адчыніла заспаная жонка, пацалавала і павіншавала з днём нараджэньня, і мы пайшлі дасыпаць.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства