Запрашаем да абмеркавання агульнай стратэгіі беларускага праваабарончага руху
У верасні 2010 года рашэннем II Беларускага праваабарончага форуму быў зацверджаны праект агульнай стратэгіі беларускага праваабарончага руху. Праект быў падрыхтаваны Экспертнай групай, у склад якой уваходзілі спецыялісты вядучых праваабарончых няўрадавых арганізацыяў краіны: Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Цэнтр прававой трансфармацыі, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый.
Удзельнікамі Форуму сталі каля 80 прадстаўнікоў з 17 беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Па іх рашэнні экспертнай групе было даручана працягнуць абмеркаванне праекта агульнай стратэгіі. Дыскусія па ўдасканаленні дакумента ажыццяўлялася цягам некалькіх месяцаў. Падчас яе да праекта паступілі каштоўныя заўвагі як ад удзельнікаў Форума, так і ад іншых беларускіх ды замежных праваабаронцаў.
Але драматычныя падзеі 19-20 снежня 2010 года якасна змянілі сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку зрабіўшыся выклікам для праваабарончай супольнасці. Нечуваны гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў выбарчага працэсу, пагром грамадзянскай супольнасці ў краіне, расправа над апазіцыйнымі палітыкамі ды ўдзельнікамі мірных пратэстаў, максімальнае абмежаванне правоў і свабодаў – усё гэта запатрабавала ад беларускага праваабарончага руху ўзмацнення сваёй актыўнасці і працы на якасна новым узроўні.
Пры такіх умовах Экспертная група палічыла надзвычай важным аднавіць шырокую дыскусію што да стратэгічных падмуркаў, на якіх можна будаваць нашую агульную справу ў цяперашняй сітуацыі. Мы публікуем праект агульнай стратэгіі як зыходную кропку для гэтага абмеркавання.
Спампаваць праект стратэгіі беларускага праваабарончага руху
“Правы чалавека: гарызонты будучыні”
па-руску па-беларуску па-ангельску
Заклікаем прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў, спецыялістаў і экспертаў з колаў акадэмічнай ды грамадзянскай супольнасці далучацца да абмеркавання і ўдасканалення агульнай стратэгіі беларускага праваабарончага руху.
Просім усіх зацікаўленых асобаў у тэрмін да 1 ліпеня 2011 года
- выказваць заўвагі, крытычныя меркаванні, прапановы да праекта стратэгіі;
- заяўляць аб сваім жаданні ўдзельнічаць у далейшай працы Рабочай групы, якая будзе створаная для канчатковага зацверджання дапрацаванай версіі стратэгіі.
Адрас для камунікацыі: belforum2010@gmail.com (вітаюцца матэрыялы на беларускай, рускай альбо ангельскай мовах). Надалей, сыходзячы з абагульненых меркаванняў і заўвагаў, дыскусія будзе працягнутая з выкарыстаннем сацыяльных сетак, сайтаў праваабарончых арганізацыяў і праз іншыя шляхі камунікацыі.
Спадзяемся на плённае супрацоўніцтва і з нецярплівасцю чакаем Вашых водгукаў.
Ад імя Экспертнай групы і на падставе рашэнняў ІІ Беларускага праваабарончага форуму
Беларускі дом правоў чалавека
Выканаўчае бюро Асамблеі НДА Беларусі