Прымусовае высяленне цыганоў пад Гомелем
У мястэчку Бальшавік, які знаходзіцца ў Гомельскім раёне, мясцовыя ўлады прымусова высяляюць цыганоў з аварыйных дамоў. Цыганскія сем'і застаюцца без даху над галавой. Шматдзетная маці Хрысціна пазбавілася свайго жытла некалькі месяцаў таму.
"Прыехаў неяк дэпутат Юрый Беланожка, выгнаў мяне з малымі дзецьмі з хаты на вуліцу. А потым хаціну зруйнавалі", -- распавядае Хрысціна. Цяпер шматдзетная маці са сваёй сям'ёй знайшла прытулак у сваякоў.
Прадстаўнік грамады народа рома Мікалай Ануфрыеў заўважае, што жыллёвыя праблемы цыганоў пачаліся з прызначэннем новага старшыні пасялковага савета.
Мікалай Ануфрыеў:
- З прызначэннем новага старшыні пасялковага савета пачаўся ціск на нашых людзей. У адным з дамоў жылі муж з жонкай, у якіх было чацвёра дзяцей. Праўда, дакументы на гэты дом адсутнічалі. Але яны набылі гэты дом за грошы. Чыноўнікі разам з міліцыяй увесну проста выгналі сям'ю на вуліцу, дзеці стаялі басанож на снезе.
Сябра Беларускага Хельсінкскага Камітэту з Гомеля Алесь Яўсеянка звяртае ўвагу на тое, што гвалтоўныя высяленні цыганоў з жылля - гэта грубае парушэнне правоў чалавека.
Алесь Яўсеянка:
- Каб вырашыць сітуацыю, трэба мясцовым уладам выявіць добрую волю. У прыватнасці, варта дапамагчы цыганам аформіць дакументы на маёмасць. Мы бачылі квіткі за аплату электраэнергіі. Гэта значыць, што ў нейкіх дзяржорганах дамы ўсё-такі зарэгістраваныя. Карацейшы шлях абароны правоў цыганскай грамады -- гэта зварот у пракуратуру, каб яна абавязала мясцовыя ўлады забяспечыць правы дзіцяці. Там практычна ў кожным доме -- па некалькі непаўналетніх дзяцей.
Паводле праваабаронцы Алеся Яўсеянкі, асноўная праблема цыганоў -- гэта іх усеагульная непісьменнасць. "Вы звярніце ўвагу на тое, што часта гэтыя людзі заключаюць маёмасныя здзелкі без пасярэдніцтва натарыюсаў. Часта яны ўвогуле не маюць аніякіх дакументаў, таму і пастаянна трапляюць у розныя непрыемнасці", -- падсумоўвае праваабаронца.
У пасёлку Бальшавік кампактна пражывае каля дванаццаці сем'яў народу рома, то бок болей за сто чалавек. Цыганы жывуць у гэтым месцы цягам трыццаці-сарака гадоў.