Смалявічы: дачнікі абмяркуюць прапанаваныя выканкамам «дэталі» праекта тэхнапарку
У бліжэйшыя выходныя ў дачных кааператывах, размешчаных у Смалявіцкім раёне на набліжаных да тэрыторый планаванага ўладамі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, пройдуць сходы.
Галоўная задача, якую ставяць сабе дачнікі: належным чынам адрэагаваць на абвешчанае Смалявіцкім раённым выканаўчым камітэтам грамадскае абмеркаванне дэталёвага плана будучай забудовы тэхнапарку.
«Матэрыялы, размешчаныя райвыканкамам, - кажуць дачнікі, - не могуць абмяркоўвацца грамадскасцю, паколькі не могуць лічыцца даступнымі і зразумелымі для простага абывацеля. А ўжо ў аўторак, 23 ліпеня, слуханні спыняюцца! Гэта значыць, пасля гэтага дня можна лічыць, што змяніць мы нічога ўжо не зможам».
Дачнікі, у асноўным, жыхары Мінска, усё ж не губляюць надзеі на тое, што спыніць «наступленне» індустрыяльнага парку на экалагічна чыстыя тэрыторыі прысталічча ўдасца.