Дыскрымінацыя беларускамоўных у Салігорску
Пра сітуацыю з правамі беларускамоўных у Салігорскім рэгіёне распавядае старшыня Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ Мікалай Шаравар.
- Мікалай Лазаравіч, вы ўжо некалькі гадоў узначальваеце мясцовы філіял Таварыства беларускай мовы. Скажыце, як пачуваюцца беларускамоўныя грамадзяне на Салігоршчыне? Ці роўныя яны ў сваіх правах з рускамоўнымі?
- Думаю, наш рэгіён не надта розніцца ад іншых у нашай краіне. Беларускамоўны грамадзянін несумненна знаходзіцца ў дыскрымінаваным стане. Пачынаючы з афіцыных выканкамаўскіх рашэнняў, якія ў 99 выпадках са 100 публікуюцца на рускай мове, і заканчваючы элементарнымі шыльдамі на афіцыйных установах. Беларускай мовы ў кабінетах салігорскіх чыноўнікаў не чутно нават пры афіцыйным прыёме беларускамоўных жыхароў гораду. У прыёмных дзяўчаты на рускайм мове адказваюць. Гэта наогул нейкая схаваная расейская шавінізацыя, на маю думку. Пабачыць каб у бібліятэках, школах, сацыяльных службах ці любых іншых дзяржаўных установах нейкія абвесткі ці інфармацыйныя матэрыялы дубляваліся на беларускай мове практычна немагчыма. Працягваць, насамрэч, можна бясконца.
- Няўжо усё зусім так кепска і ніякага святла ў канцы тунэля?
- Пасля прыняцца новага закону “Аб зваротах грамадзян” на пісьмовыя запыты цяпер амаль заўсёды можна атрымаць адказ на беларускай мове. Дакладней на мове звароту, а не выключна па руску, як было раней. Не ведаю, можа шукаюць якога перакладачыка, бо пры асабістых кантактах чыноўнікі спрэс рускамоўныя ды нават не заўсёды зразумеюць, што ад іх хочуць, калі задаць пытанне па-беларуску. З усіх нашых афіцыйных асобаў бадай толькі Лідзія Клішэвіч, старшыня Савета дэпутатаў, не цураецца беларускай мовы і даволі часта ёй карыстаецца, у тым ліку і пры сустрэчах з грамадзянамі. Яна часта выступае ў СМІ на беларускай мове, а, напрыклад, старшыня Салігорскага выканкаму Аляксандр Рымашэўскі ніколі. Вось радуе, што з прыходнам новага рэдактара ў выканкамаўскую газету “Шахцёр” колькасць беларускамоўных артыкулаў у афіцыйным выданні значна павялічылася. Але казаць пра нейкі прарыў, пра нейкую роўнасць ў моўным пытанні паміж беларускамоўнымі грамадзянамі і рускамоўнымі на Салігоршчыне, на жаль, не выпадае.
- А як выглядае сітуацыя з беларускай мовай у школах ды садках рэгіёну?
- Вельмі крытычная. Колькасьць школаў на Салігоршчыне з кожным годам скарачаецца. Я раблю рассылку газеты “Наша Слова” па школах, дык ведаю гэтую сумную статыстыку. І, на жаль, знікаюць вясковыя школы, у якіх у большай ступені прысутнічае адукацыя па-беларуску. За апошнія гады ў раёне было зачынена нешта каля 7 школ.
- Нядаўна ў Салігорску быў скандал з беларускамоўным дзіцячым садком. Можаце ўзгадаць акалічнасці?
- Так, у сакавіку на наш запыт чыноўнікі далі інфармацыю аб існаванні ў салігорскім гарадскім дзіцячым садку №38 беларускамоўнай групы, створанай па запытах бацькоў і якую наведвае 20 дзяцей. Але выявілася, што ўлады нахабна схлусілі. Беларускамоўнай групы там даўно не існуе. Ужо год ці два. Беларускамоўная выхавацелька, якая займался з гэтымі дзетакім, была звольнена.
- З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца ТБМ, як арганізацыі прадстаўляючай інтарэсы беларускамоўных грамадзян? Якія маеце дачыненні з уладамі?
- Найперш маем цяжкасці з офісам. Пасля скасавання ільготаў па арэндзе знайсці камерцыйнае памяшканне па даступным кошце практычна немагчыма. Улады нам выдаткоўваць куток не спяшаюцца. Але галоўнае, што нам адмаўляецца ў правядзенні розных мерапрыемстваў па нашых зваротах. Аргументуюцца гэтыя адмовы адным словам “не мэтазгодна”. Тут вам і дыскрымінацыя, і парушэнне свабоды сходаў. Лічу, што мясцовыя ўлады выконваюць загад кіраўніка нашай дзяржавы. Чыноўнікі проста баяцца браць на сябе адказнасць за дазвол нейкіх нашых мерапрыемстваў. Але мы праводзім мерапрыемствы без іх бласлаўлення. Шукаем самі месцы і праводзім гэтыя мерапрыемствы. Ёсць людзі якія спачуваюць, выяўляюць сябе патрыётамі і дапамагаюць нам.
- Што робіцца для падтрымкі беларускамоўных грамадзян? Ці могуць яны неяк на вас разлічваць?
- Мы арганізуем падпіску на газету “Наша Слова”. Лічу гэта важным для тых, хто карыстаецца беларускай мовай. Праз ахвяраванні выпісваем газету на школы. Цяпер вось думаем і на дзіцячыя садкі распаўсюдзіць гэтую практыку. Усё ж такі наша арганізацыя не праваабарончая, а культурна-асветніцкая, таму асноўную ўвагу надаем гэтаму накірунку. Але мы шчыльна супрацоўнічаем з мясцовымі праваабаронцамі. Мясцовая філіі БХК збіраецца правесці маніторынг правоў беларускамоўных грамадзян ў рэгіёне. Плануем аказаць ім актыўную падтрымку ў гэтай справе. Спадзяемся, гэта праца акажа станоўчы ўплыў і на стан беларускай мовы і на правы яе носьбітаў.