viasna on patreon

Маці Андрэя Гайдукова перад судом не дазволілі спаткання з сынам

2013 2013-06-10T17:17:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gajdukou-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

23-гадовага жыхара Наваполацку вінавацяць у "здрадзе дзяржаве шляхам агентурнай дзейнасці". 12 чэрвеня над ім мусіць распачацца суд. Маці арыштаванага ўпэўнена ў яго невінаватасці  і скардзіцца на тое, што ўжо больш як тыдзень ад сына няма лістоў. Не задаволена таксама і яе просьба наконт сустрэчы з сынам.

Сустрэцца з Андрэем Гайдуковым маці спрабавала ўжо трэці раз за час 7-мі месяцаў следства. Гэтым разам ёй адмовілі ў Віцебскім абласным судзе, кажа Вольга Гайдукова:

"Сустрэчу зноў не дазволілі. І зноў не даходзяць лісты. Ад адваката я даведалася, што Андрэй з 3 чэрвеня ў Віцебскім СІЗА, і што ён захварэў. Ён прасіў перадаць яму мятныя таблеткі ад горла, але іх у СІЗА не прынялі: сказалі, што няма на працы лекара. Дужа трывожна, што зноў не ідуць лісты. Андрэй пісаў нам амаль штодня, і з мінскага СІЗА лісты даходзілі. А ў Віцебску – наадварот: і мінулым разам былі праблемы з ліставаннем, і цяпер. Не выключана, што нашы лісты да яго не даходзяць таксама".

Андрэя Гайдукова затрымалі ў Віцебску 8 лістапада мінулага году. З таго часу ен знаходзіцца пад вартай – пераважна ў мінскім СІЗА КДБ, але ў канцы 2012 года яго прыкладна на месяц пераводзілі ў віцебскі СІЗА.

Паводле афіцыйных звестак з КДБ, хлопца затрымалі "падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы". Супраць яго распачата крымінальная справа, і калі "здрада дзяржаве" будзе даказаная судом, то хлопца могуць асудзіць на тэрмін ад 7 да 15 год.

Паводле старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, працэс па гэтай справе ў Віцебскім абласным судзе, верагодна, будзе закрытым. Праваабаронцы настойваюць на адкрытасці працэсу,  гэтага ж хоча і маці Андрэя Гайдукова. Яна не верыць, што сын мог займацца шпіянажам. Сваякі і сябры таксама лічаць, што пераслед з боку КДБ – гэта спроба запалохвання моладзевых актывістаў. Бо вядома, што Андрэю Гайдукову неаднаразава пагражалі "непрыемнасцямі" незнаёмыя "людзі ў цывільным", асабліва часта – у перыяд выбарчых кампаній, калі хлопец працаваў у камандах незалежных кандыдатаў, і ў час "маўклівых акцыяў пратэсту".

Вольга Гайдукова занепакоена станам здароўя сына: ёй вядома, што напрыканцы мінулага тыдня ён быў хворы. І калі ён не паправіцца бліжэйшымі днямі, то, верагодна, будзе напісана заява, каб судовы працэс перанеслі на пазнейшы тэрмін.    

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства