У Гродзенскім універсітэце ліквідуюць бунтарскі гістфак
Чуткі пра тое, што гістфак могуць аб’яднаць з факультэтам турызму актыўна хадзілі апошнія два месяцы. Прыкладна з часу звальнення апальнага гісторыка Вячаслава Шведа.
Дэкан гiстфака Эдмунд Ярмусік пацвердзіў «Салідарнасці», што пытанне з аб’яднаннем факультэтаў сапраўды вырашаецца.
— Калі ў вас ёсць такая інфармацыя, то, як вядома, дыма без агня не бывае, — адзначыў Эдмунд Ярмусік. — Такое рашэнне ёсць. Яно абмяркоўваецца. Нічога страшнага ў гэтым няма. Гэта натуральная рэарганізацыя вучэбнага працэсу. Пры любой уладзе і ў любой краіне мы павінны сеяць разумнае, добрае, вечнае. Для нас галоўнае — гэта студэнты. Гісторыя як прадмет у любым выпадку застаецца. А ўсё астатняе — гэта фармальнасць.
Раней адзначалася, што імаверным дэканам новага аб’яднанага факультэта можа стаць сённяшні дэкан факультэта турызму і сервісу Сяргей Данскіх. Дэкан факультэта гісторыі і сацыялогіі Эдмунд Ярмусік, згодна з тымі ж чуткамі, можа атрымаць пасаду загадчыка кафедры гісторыі Беларусі. Якім чынам вырашана гэтае пытанне, пакуль невядома.
— Зямля чуткамі поўніцца, — адзначыў Ярмусік. — Мне пра гэта нічога не вядома. Звяртайцеся да рэктара.
Зразумела, што аб’яднанне факультэтаў пацягне за сабой і скарачэнне штатаў. Такім чынам універсітэт цалкам законна зможа пазбавіцца ад рэшты «нядобранадзейных» гісторыкаў, якія пакуль займаюць свае пасады.
Рэпрэсіі ў дачыненні да выкладчыкаў гістфака ідуць ужо даўно. Восенню 2012 года з універсітэта быў звольнены адзін з аўтараў кнігі «Гродназнаўства» Андрэй Чарнякевіч.
Прычым, Сямён Шапіра прызнаўся, што асабіста загадаў звольніць Чарнякевіча: «Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста», — сказаў кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама. «Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы? Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!.."
Шапіра шчыра прызнаўся, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсіх універсітэцкіх «апазіцыянераў» паіменна. «Ва ўніверсітэце шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу», — сказаў Шапіра.
У хуткім часе пра свой сыход з універсітэту на знак пратэсту супраць ціску на калег заявіў у адкрытым лісце да кіраўніка Гродзенскага аблвыканкама старшы выкладчык кафедры тэорыі дзяржавы і права Ігар Кузьмініч.