«Заля ганьбы» гамафобаў у 2013
Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch назвала сёлетніх кандыдатаў у «Залю ганьбы» («Hall of Shame»), каб адзначыць Міжнародны дзень супраць гамафобіі.
Намінацыі, якія праводзяцца праваабаронцамі Human Rights Watch штогод, імітуюць падобныя намінацыі ў музычным сьвеце, дзе асабліва заслужаных музыкаў і сьпевакоў музычныя крытыкі ўводзяць у «Залю славы» («Hall of Fame»). Толькі што ў гэтым выпадку называюцца арганізацыі і асобы, якія «заслужыліся» для пашырэньня гамафобіі.
Сёлета ў «Залю ганьбы» патрапілі: Амэрыканскі цэнтар права і справядлівасьці, які ў 2010 годзе беспасьпяхова спрабаваў прадухіліць ухваленьне канстытуцыі Кеніі з запісам, на аснове якога сэксуальныя меншасьці могуць дамагацца раўнапраўных адносін да сябе ў грамадзтве; прэзыдэнт Гамбіі Яйя Джамэ за свае гамафобскія выказваньні і прасоўваньне заканадаўства супраць геяў; дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Вадзім Калесьнічэнка за ініцыяваньне законапраекту супраць геяў; украінская партыя «Свабода» за гамафобскія выказваньні ды абяцаньне «увесьці крымінальную адказнасьць за ўжываньне наркотыкаў і сэксуальныя вычварэнствы» ў сваёй палітычнай плятформе.