Суд аштрафаваў Васіля Парфянкова на тры мільёны рублёў
17 траўня суддзя Першамайскага суда Менска Юрый Гарбатоўскі разгледзеў адміністратыўную справу Васіля Парфянкова і пакараў яго штрафам у памеры трох мільёнаў беларускіх рублёў. Актывіста прызнаны вінаватым паводле ч.2 артыкула 24.12 КаАП.
***
Былы палітвязень Васіль Парфянкоў паведаміў ПЦ “Вясна”, што яго дастаўляюць у суд Першамайскага раёна Менска. Сёння ў РАУС Першамайскага раёна на яго склалі адміністратыўны пратакол за паўторнае парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду.
Як распавёў Парфянкоў праваабаронцам, 16 траўня яго выклікалі да інспектара Пяркова Аляксея Яўгенавіча, які ажыццяўляе кантроль за былым палітвязнем. Калі сёння актывіст аб 11-й гадзіне з’явіўся ў Першамайскі РАУС, інспектар паведаміў, што на яго рахунку з’явілася чарговае парушэнне. У выніку на Васіля Парфянкова быў складзены пратакол па ч.2 артыкула 24.12 “Невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду” КаАП. Частка 2 гэтага артыкула – “тое ж дзеянне, здзейсненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністратыўнага спагнання за такое ж парушэнне” - цягне накладанне штрафу ў памеры ад васьмі да пяцідзесяці базавых велічынь або адміністратыўны арышт.
Нагадаем, што Васіль Парфянкоў, удзельнік “Плошчы-2010”, 9 лютага бягучага года быў вызвалены з арыштнага дому пры Баранавіцкім СІЗА №6, дзе ён адбываў 6-месячны арышт за невыкананне умоваў прэвентыўнага нагляду, усталяванага судом Першамайскага раёна Менска. 4 красавіка суддзя гэтага ж суда Юрый Гарбатоўскі ізноў пакараў актывіста паводле ч.1 арт. 24.12 КаАП - штрафам у памеры васьмі базавых велічынь.