Віцебскія міліцыянты склалі яшчэ адзін пратакол пра парушэнне Закону аб СМІ
Падзеі, паводле якіх у правапарушэнні вінавацяць сябра партыі БНФ Кастуся Смолікава, адбыліся паўтара месяцы таму, 22 сакавіка. Такі самы пратакол – за перавышэнне дазволенай колькасці асобнікаў партыйнага бюлетэню "Магістрат" – два тыдні таму быў складзены і на кіраўніка абласной партыйнай арганізацыі Леаніда Аўтухова.
У пратаколе, складзеным на спадара Смолікава ў Кастрычніцкім РАУС, напісана тое ж самае, што і ў пратаколе на спадара Аўтухова 24 красавіка. Маўляў, наклад незарэгістраванага выдання не можа быць большым за 299 асобнікаў, але актывісты распаўсюджвалі 22 сакавіка ў гандлёвым цэнтры "Эвіком" куды большую колькасць бюлетэняў "Магістрат".
І Смолікаў, і Аўтухоў адзначаюць, што асобнікі бюлетэню ў іхнай прысутнасці ніхто не пералічваў. Больш за тое, усе забраныя бюлетэні мусілі быць знішчанымі паводле рашэння Кастрычніцкага райсуду ад 25 сакавіка.
У той дзень актывістаў асудзілі за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях. Інцыдэнтам, разгледжаным суддзёй Інай Грабоўскай, стаў распаўсюд "Магістрату": яна прызнала партыйцаў вінаватымі, бо ў бюлетэні было запрашэнне прыходзіць на мітынг у Дзень волі, на які раённыя ўладу не далі дазволу. Ініцыятар акцыі, Леанід Аўтухоў, на той час адказу ад уладаў на сваю заяўку яшчэ не атрымаў. Затое на запыт міліцыянтаў яго выдалі адразу…
Кастусь Смолікаў і Леанід Аўтухоў ўжо адбылі па 5 сутак арышту за раздачу бюлетэню. Цяпер за тое самае іх будуць судзіць другі раз, але ўжо паводле іншага артыкулу.
Дата суду пакуль не вядомая.