ЛГБТ-супольнасць ізноў спрабуе зарэгістраваць арганізацыю
8 сьнежня ў Менску прайшоў устаноўчы зьезд ЛГБТ-арганізацыі «Лямбда».
Як паведаміла намесьніца старшыні праваабарончага праекта «ГейБеларусь» Натальля Манькоўская, мэта ўдзельнікаў зьезду — зарэгістраваць арганізацыю лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў (ЛГБТ).
«Мы хацелі б стварыць такія ўмовы, — зазначыла яна, — каб гэтыя людзі,
іх бацькі, сваякі адчувалі сябе паўнацэннай часткай талерантнага
грамадзтва. Гэта значыць наша дзейнасьць скіраваная не толькі на
супольнасьць ЛГБТ, але і на грамадзтва ў цэлым. Мы маем намер праводзіць
асьветніцкую працу, расказваць шырокай грамадзкасьці пра ЛГБТ, пра
сэксуальную арыентацыю, пра тое, што гэта не страшна, што гэта не
хвароба, не разбэшчанасьць, ня грэх, а варыянт нармальнай чалавечай
асобы».
Ужо тройчы актывісты спрабавалі
зарэгістраваць сваю арганізацыю ў Беларусі, аднак гэтыя спробы былі
безвыніковымі. Па гэтай прычыне ЛГБТ-рух у краіне існуе толькі ў
выглядзе нефармальных праектаў.
Арганізацыя «Лямбда» будзе створана як рэспубліканскае маладзёжнае
аб’яднаньне. На ўстаноўчы зьезд прыехалі 72 дэлегаты з усіх абласьцей
Беларусі і Менску.
Старшынём новай арганізацыі быў абраны Сяргей Андросенка, яго намесьнікам — Максім Дзмітрыеў.
Як паведаміў БелаПАН Сяргей Андросенка, дакумэнты ў Міністэрства
юстыцыі на рэгістрацыю арганізацыі будуць пададзены ўжо на наступным
тыдні.