Палітыкі падпісалі мемарандум па рэалізацыі Нацыянальнай гендэрнай платформы
Дакумент будзе накіраваны ва ўрад. У ім змяшчаюцца рэкамендацыі, што трэба зрабіць уладам і грамадзянскай супольнасці для набліжэння гендэрнай роўнасці ў нашай краіне.
"Нягледзячы на тое, што ў Беларусі рэалізуецца ўжо IV Нацыянальны план па дасягненні гендэрнай роўнасці, ні адзін з гэтых планаў да канца не быў выкананы і не быў прафінансаваны з дзяржаўнага бюджэту, таму праблемы гендэрнай роўнасці застаюцца актуальнымі, - заявіла старшыня ГА "Жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна. - У нас няма закона аб роўных правах і роўных магчымасцях, няма ўпаўнаважанага па правах жанчын або па гендэрнай роўнасці і практычна няма заканадаўства па прадухіленні хатняга гвалту".
Мемарандум па рэалізацыі Нацыянальнай гендэрнай платформы - стратэгічны дакумент, падрыхтаваны экспертамі грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Ён адрасаваны як грамадзянскай супольнасці, так і ўраду Беларусі з мэтай кансалідацыі грамадства для дасягнення гендэрнай роўнасці ў краіне.
Мемарандум грунтуецца на асноўных палажэннях міжнародных дакументаў, якія рэгулююць правы жанчын і дасягненне гендэрнай роўнасці: Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW), Пекінская платформа дзеянняў, Дэкларацыя тысячагоддзя, а таксама рэкамендацыі Камітэта CEDAW, распрацаваныя для Беларусі.
Нацыянальная гендэрная платформа складаецца з шасці раздзелаў, кожны з якіх утрымлівае кароткае апісанне бягучай сітуацыі ў краіне, напрамкі працы, мэты і стратэгічныя задачы, рэкамендаваныя ўраду і грамадзянскай супольнасці. Апроч таго, НГП ўтрымлівае індыкатары, па якіх можна адсачыць выкананне пастаўленых мэтаў і задач.
4-га снежня мемарандум падпісалі старшыня ГА "Жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, актывістка кампаніі "Гавары праўду!" Таццяна Караткевіч, лідар АГП Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні "Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін.
8-га снежня ў Мінску адбудзецца круглы стол, на якім дакумент падпішуць таксама прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый, якія не звязаныя з палітыкай.