У Бабруйску узгадалі ахвяраў рэпрэсій
Вечарам 29 кастрычніка бабруйскія грамадскія актывісты сабраліся разам, каб узгадаць рэпрэсаваных землякоў. На мясцовы офіс АГП прыйшло каля 50 чалавек.
Нагадаем, што з самай раніцы неабыякавыя гараджане наведалі царкву, усклалі кветкі і прынеслі запаленыя свечкі да помніка ахвярам рэпрэсій.
На тэматычным вечары бабруйчане узгадалі земляка – рэпрэсаванага пісьменніка Барыса Мікуліча, зачыталі яго лісты да сяброў і сваякоў. Прагучалі вершы Сяргея Грахоўскага, які калісьці працаваў у Бабруйску, і таксама быў рэпрэсаваны.
Максім Чарняк, супрацоўнік аддзела па кананізацыі Бабруйскай епархіі, расказаў пра складанасці, якія ўзніклі падчас спробы кананізаваць святара Паўла Сейба, які быў расстраляны тройкай НКУС:
– Беларускія супрацоўнікі КДБ адмаўляюцца выдаць неабходныя дакументы з архіва, якія патрабуюцца для гэтай працэдуры. Тлумачаць гэта тым, што сваякі святара, нібыта, могуць убачыць прозвішчы яго катаў і пачнуць помсціць. Будзем прасіць, каб цэнтральны аддзел РПЦ выкрэсліў са спісу неабходных менавіта гэтыя дакументы, - адзначыў прадстаўнік епархіі. Таксама Максім Чарняк расказаў пра планы ўсталяваць побач з помнікам ахвярам рэпрэсій крыж, які б нагадваў бабруйчанам пра святароў, якія пацярпелі за веру: “якраз зараз мы пачалі збіраць грошы на яго, спадзяемся, знойдуцца жадаючыя ахвяраваць”.
Рэдактар “Бабруйскага кур’ера” Анатоль Санаценка расказаў пра акалічнасці знішчэння музея Ганны Бокач. Таксама ён патлумачыў, чаму камень, усталяваны на плошчы Перамогі, дасюль не ўвасобіўся ў паўнавартасны помнік, які ўжо нават быў зацверджаны гарвыканкамам. – Нават гэты надпіс на камяні “Бобруйчанам, жертвам необоснованных репрессий” мяне здзіўляе, атрымліваецца, рэпрэсіі дапусцімыя, калі іх добра абгрунтаваць? – здзіўляецца Анатоль Санаценка.
Арганізатары вечара папрасілі прысутных звярнуць увагу на кніжную выставу, прысвечаную рэпрэсіям: мастацкія творы, дакументалістыку, - пра былых і сучасных вязняў сумлення. Тут жа можна было ўбачыць і паштоўкі, атрыманыя бабруйчанамі ад палітвязняў, якія зараз знаходзяцца ў беларускіх турмах і калоніях. Тамара Уладзіміраўна, бабуля Яўгена Васьковіча, зачытала ліст ад унука.
30 кастрычніка раніцай бабруйскія грамадскія актывісты наведалі памінальную службу за ахвяраў рэпрэсій. Яны адзначаюць, што мерапрыемствы па ўшанаванню рэпрэсаваных працягнуцца па 2 лістапада уключна. – Нам бы хацелася, каб пацярпелых за веру і погляды ўзгадвалі ў Беларусі як мага часцей, - кажа Таісія Кабанчук, сябра аргкамітэту БХД. - Усе жадаючыя могуць далучацца да нас, маліцца, прыносіць кветкі і свечкі да помніка.