У Глускім раёне школьнікі замест вучобы перабіраюць бульбу
Вось ужо на працягу амаль трох тыдняў вучні Глускай школы № 2 і гімназіі занятыя на перапрацоўцы бульбы ў мясцовым СВК “Дружба”. Як паведамляе інтэрнэт-сайт глускай раённай газеты “Радзіма”, без дапамогі дзяцей “гаспадарка не можа зладзіцца з вялікім такім вялікім аб’ёмам работ”.
На пераборцы бульбы занятыя вучні старэйшых класаў – дзевятых, дзесятых і адзінаццатых, якія па чарзе кожны дзень ездзяць працаваць у гаспадарку, дзе з раніцы і да абеда перабіраюць па некалькі тон бульбы. Дзеці затарваюць клубні ў сеткі, а прызначаныя на насенне сыпяць асобна. Натуральна, згоды дзяцей на паднявольную працу ў калгасе ніхто не пытаецца, усе яны абавязаныя працаваць у абавязковым парадку. Чыноўнікаў і настаўнікаў не хвалюе, што зараз працягваецца навучальны год, і што дзецям патрэбна вучыцца і набываць веды, а не працаваць у занядбалым калгасе, дзе дарослыя не змаглі арганізаваць працу належным чынам. Пытанне тым больш актуальнае, што вучням дзевятых і адзінадцатых класаў патрэбна яшчэ і здаваць экзамены па выніках навучальнага года.
Між тым, самі настаўнікі вучняў чамусьці лічаць інакш. Як піша інтэрнэт- сайт раённай газеты “Радзіма”, настаўнік рускай мовы і літаратуры Віктар Сыцько кажа, што “практычна ўсім папрацаваць у радасць – і час весела праходзіць, і к працы прывучаюцца, а яшчэ на зіму для школы бульбы заробім”.
Магчыма, шаноўнаму педагогу самому лепш пайсці працаваць у калгас у паляводства?