Асуджаны па справе «жывога шчыта» Мянцюк выйшаў на волю па амністыі
Ён быў асуджаны на 5 гадоў калоніі, але выйшаў на год раней, паспеўшы адсядзець тры месяцы ў турме за крадзеж.
«Падкажыце, у якім атрадзе знаходзіцца Раман Мянцюк», — звярнуліся мы ў спецчасць Ваўкавыскай калоніі №11, месца апошняга прытулку асуджанага.
«З якой мэтай цікавіцеся?» — «Хочам ліст яму напісаць». — «Дык пішыце на хатні адрас. Вызваліўся ён месяцы два таму па амністыі».
За кратамі Мянцюк не дасядзеў амаль год.
Яго асудзілі на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму 28 кастрычніка 2008. Справа была рэзананснай, бо да яе мелі дачыненне супрацоўнікі ДАІ.
Каб спыніць Менцюка, які ў нецвярозым стане гнаў па трасе Мікашэвічы—Мінск з хуткасцю каля 160 км/г, яны перакрылі дарогу цывільнымі аўто. Іх кіроўцам і пасажырам пры гэтым загадалі сядзець у машынах. У выніку Мянцюк на аўто пратараніў «жывы шчыт».
Траўмы атрымалі пяць чалавек, у тым ліку дзіця.
Пасля здарэння 2 сакавіка 2008 Менцюка не арыштавалі, ён выехаў у Расію і нават удзельнічаў у праграме Андрэя Малахава «Няхай гавораць»: выпуск быў прысвечаны акурат «жывому шчыту» пад Мінскам. І толькі потым яго аб’явілі ў вышук. Затрымалі Менцюка з жонкай у Маскве ў ліпені.
Ваўкавыская калонія стала апошняй у спісе Менцюка, але не адзінай.
Вядома, што яго некалькі разоў пасля вынясення прысуду этапавалі. Ён быў прызнаны злосным парушальнікам, за што яму адмаўлялі ў змякчэнні меры стрымання, а таксама ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Падчас адбыцця пакарання ён правёў тры месяцы ў турме за крадзеж.
Жонка Менцюка Вольга атрымала два гады ўмоўна за перадачу кіравання аўто нецвярозаму мужу.
Супрацоўнікаў ДАІ, што стварылі «жывы шчыт», звольнілі і асудзілі на 2 гады ўмоўна з адтэрміноўкай на 3 гады.