Віцебскі актывіст Алесь Галавань, затрыманы падчас назіраньня за выбарамі, 3 дні правёў у ІЧУ, пасьля чаго суд пакараў яго штрафам
12 студзеня ў Віцебску супрацоўнікамі міліцыі на вуліцы каля выбарчага участка, на якім ён працаваў назіральнікам, быў затрыманы дэмакратычны актывіст Алесь Галавань. Міліцыянты даставілі яго ў Першамайскі РУУС, дзе склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па арт. 156 КаАП за нібыта нецэнзурную лаянку.
Суд над Алесем Галаванем адбыўся 15 студзеня, пасьля заканчэньня выбараў, да гэтага часу актывіст знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Сьведкамі па судовым паседжаньні выступалі супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі назіральніка, пісалі рапарты і складалі на яго адміністратыўны пратакол - Волкаў В.В. і Радецкі Д.Б.
Судзьдзя Першамайскага раёну Віцебску Карабліна Н.В., разгледзеўшы матэрыялы справы, пакарала Алеся Галаваня штрафам у памеры адной базавай адзінкі.