У Магілёве актывіст БСДП (Г) абскарджвае сваё звальненне праз суд
Адпаведны пазоў Мікалай Залозны падаў у суд Ленінскага раёна горада.
Актывіст Грамады праз суд хоча аднавіцца на працы і спагнаць са свайго былога працадаўцы “Магілёўаблсельбуда” сярэдні заробак за час вымушанага прагулу.
Мікалай Залозны таксама праз суд хоча дамагчыся адмены дысцыплінарных спагнанняў, вяртання яму нявыплачаных прэмій і даплат у адпаведнасці з мінулым кантрактам, а таксама кампенсацыі маральнай шкоды ў сувязі з незаконным звальненным.
Нагадаем, што актывіст БСДП (Г) працаваў у “Магілёўаблсельбудзе” слесарам-сантэхнікам. З пачаткам парламенцкай выбарчай кампаніі яго начальнік Павел Шышоў абвінаваціў у тым, што ён увайшоў у склад ініцыятыўнай групы іншага актывіста Грамады Леаніда Падбярэцкага і не ўведаміў яго пра гэта пісьмова.
Начальнік быў моцна незадаволены тым, што яго рабочы звязаны з апазіцыяй і цягам болей як двух месяцаў шукаў магчымасці пазбавіцца ад яго: прымушаў іншых пісаць на яго дакладныя, на падставе якіх пазбаўляў яго прэмій, надбавак, перавёў яго на іншае месца працы і ў выніку, пасля адмовы Мікалая Залознага падпісаць новы варыянт ганебнага кантракта, у сувязі са змяніўшыміся ўмовамі працы, ён быў звольнены.
Сам Мікалай Залозны кажа, што да выбараў у яго не было ніякіх праблем з наймальнікам, ён быў на добрым рахунку і штомесяц атрымліваў прэмію.
“Я працаваў сумленна. Пра гэта таксама сведчыць і ліст з гарвыканкаму, у якім адзначаецца, што на маім аб’екце колькасць скаргаў за апошнія гады істотна знізілася ў параўнанні з іншымі гадамі, - кажа актывіст БСДП (Г).
Ужо пасля таго, як распачаўся канфлікт, Залозны напісаў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, у якім ён выкрыў розныя махінацыі, праведзеныя яго начальнікам Паўлам Шышовым, звязаныя са злоўжываннем ім службывымі паўнамоцтвамі і карупцыяй. Пасля гэтага ліста Мікалай Залозны спадзяецца, што ў дачыненні да яго былога працадаўцы будзе ўзбуджана крымінальная справа.