Алесь Бяляцкі піша пра вялікі сюрпрыз і аптымістычны знак
У лісце ад 27 верасня праваабаронца-палітвязень піша сябрам, што атрымлівае шмат лістоў і паштовак з нагоды свайго юбілею, распавядае, што для яго сталася “самым вялікім сюрпрызам, што сабе і ўявіць ня мог”, а таксама нагадвае ўсім нам, пра што заўсёды трэба памятаць.
У цэлым хочацца адзначыць, што гэты ліст Алеся прасякнуты сьветлым і пазітыўным настроем:
“Мне прыходзіць шмат лістоў і паштовак. Я імкнуся адказаць на ўсе, дзе ёсьць зваротны адрас. Паглядзім, хто каго, але за тры дні, 25-27 верасьня, прыйшло ўжо каля 200-т…
Вось пацяплела – і настрой адразу палепшыўся…
А самым вялікім сюрпрызам быў прыезд 25-га нунцыя. Вось што сабе і ўявіць ня мог. Ён перадаў клопат пра нас, сядзельцаў, Папы. Як у свой час Ян Павел ІІ зьезьдзіў на Кубу – і выпусьцілі больш за 100 вязьняў. Пасадзілі на самалёт і адправілі ў Канаду бяз іхняе згоды. Спадзяюся на больш удалы варыянт. Урэшце, тое, што нунцыя пусьцілі да нас, гэта даволі аптымістычны знак. Ён спытаўся, што перадаць Папе. Я сказаў – падзяку за клопат пра нас.
Але ў гэтай усёй гісторыі значна важней стварыць такую атмасьферу, каб не было так, што адных выпусьцяць, а новых набяруць. І пра гэта заўсёды трэба памятаць”.