viasna on patreon

Менскі гей-прайд 2012 пачнецца 5 кастрычніка

2012 2012-10-02T11:07:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minskpride2012.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Арганізатары ўжо зарэгістравалі заяўку на шэсце Менскага гей-прайда 2012 у падтрымку талерантнага стаўлення да гомасэксуалаў, прызначанага на 11 кастрычніка, у Менскім гарадскім выканаўчым камітэце.

«Восьмы Менскі гей-прайд пачнецца неўзабаве. Яшчэ пару год і наш праваабарончы ЛГБТ-форум стане традыцыйнай гарадской падзеяй. У гэтым годзе мы зноў будзем казаць аб праве быць сабой: мы публічна асуджаем фізічны гвалт і псіхалагічны ціск у дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, а таксама заклікаем беларускае грамадства і ўлады быць больш талерантнымі. Да гэтага часу нашу арганізацыю не зарэгістравалі і не далі нам правесці ніводнага легальнага шэсця Менскага гей-прайда», - распавядае старшыня арганізацыйнага камітэта Мінскага гей-прайда 2012 Сяргей Андросенка.

Праграма Менскага гей-прайда 2012 насычаная, за ўвесь час у рамках форума адбудзецца 15 мерапрыемстваў. Сярод найбуйнейшых - гэта шостая беларуская ЛГБТ-канферэнцыя. «Міжнародная міждысцыплінарная навукова-практычная канферэнцыя “Квір-сэксуальнасць: улада, палітыкі і практыкі” збярэ 6 кастрычніка экспертаў з Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Украіны, Швецыі, Польшчы, Латвіі і іншых еўрапейскіх краін.

У рамках Прайда адбудзецца прэзентацыя выдання «Хронікі дыскрымінацыі і прыгнёту ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі ў 2008-2012 гадах», якое раскрые ўсю шырыню гомофобной агрэсіі і дыскрымінацыі ў Беларусі.

Закрыццё Менскага Прайда 10 кастрычніка адбудзецца пад бясплатны канцэрт зорак беларускай эстрады ў падтрымку талерантнага стаўлення да ЛГБТ-супольнасці і супраць гвалту над ЛГБТ-моладдзю. На канцэрце выступяць «Разбітае сэрца пацана», «Open Space», «Кажаны» і Паліна Рэспубліка.

Таксама ў рамках Прайда пройдуць яскравыя забаўляльныя вечарыны, якія заклічуць ЛГБТ-супольнасць і іх сяброў разам святкаваць разнастайнасць і радавацца жыццю тут, у Беларусі, нягледзячы на адсутнасць аднаполых шлюбаў і прававога поля, у якім прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці маглі б жыць адкрыта і годна.

Мерапрыемствы Мінскага гей-прайда пад лозунгам «Аб праве быць сабой!» пройдуць з 5 па 11 кастрычніка і, як і ў мінулым годзе, мерапрыемствы праваабарончага ЛГБТ-форуму прымеркаваны да 11 кастрычніка, у гэты дзень сусветная ЛГБТ-супольнасць святкуе Дзень камін-аўта (дзень добраахвотнага прызнання ўласнай сэксуальнай арыентацыі).

Арганізатары Менскага гей-прайда хочуць бачыць гомасэксуалаў Беларусі шчаслівымі, сумленнымі і годнымі людзьмі. Сёння ў Беларусі вялікая група грамадзян нават і не марыць аб праве быць сабой, а збіццё гомасэксуалаў ці нават гетэрасексуалаў, якія раптам падаліся падобнымі на стэрэатыпнага гея - стала звычайнай практыкай.

Публічная акцыя запланавана на чацвер 11 кастрычніка.

Больш падрабязная праграма дасяжная на сайце Прайда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства