Беларускія мытнікі падвергнулі дагляду грамадскіх актывістаў
30 верасня на беларуска-украінскай мяжы, у пункце пропуску “Новая Гута”, мытнікі завярнулі на дагляд аўтамабіль сям’і грамадскіх актывістаў Сержука Семянюка і Ірыны Смяян-Семянюк.
Сям’я вярталася з Украіны, дзе на выходных наведвала сваякоў.
Як паведаміла Ірына, каля паўгадзіны іх проста трымалі – напэўна, не ведалі, што з імі рабіць. Пасля супрацоўнік мытні Пётр Хамутовіч са словамі “мы ж не ведаем, дзе вы раз’язджаеце” паведаміў, што іх аўтамабіль будзе падвергнуты дагляду.
Але дагледзелі не толькі аўтамабіль, але і ўсе асабістыя рэчы Ірыны і Сержука, склаўшы акты дагляду. Нічога забароненага мытнікі не знайшлі.
- Відаць, ім спадабаліся майкі кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, якія былі ў машыне, бо адну нават развярнулі і паглядзелі з цікаўнасцю, - адзначае Сяржук Семянюк. – Дагледзілі ўсе нашыя рэчы, цалкам машыну – усе бардачкі, капот і г.д. Шукалі грошы – гэта абсалютна відавочна.