“Грамадзяне Беларусі пазбаўлены права мець правы”
Да такой высновы прыйшоў праваабаронца з Мазыра Уладзімір Целяпун у выніку сваёй судовай эпапеі. Ужо год як ён абскарджвае адмовы ў правядзенні пікетаў у падтрымку кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных вязняў Беларусі.
На працягу жніўня-кастрычніка 2011 года ў Мазыры былі пададзены чатыры заявы на правядзенне пікетаў у месцы, афіцыйна прызначаным рашэннем Мазырскага райвыканкама №506 ад 22.04. 2008 г. (а затым і новым рашэннем №1202 ад 15.09. 2011г. з дапоўненым пералікам арганізацыяў, з якімі павінны быць заключаны дамовы па аплаце паслугаў за правядзенне масавага мерапрыемства) - на стадыёне “Спартак”.
На сённяшні дзень скарга Уладзіміра Целяпуна знаходзіцца на разглядзе ў Вярхоўным Судзе.
Сёлета да гадавіны зняволення Алеся Бяляцкага ўсе рэгіянальныя філіі Праваабарончага цэнтра “Вясна” падалі заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў у падтрымку палітвязняў. 11 ліпеня бягучага года такая заяўка была пададзена і ў Мазыры, але праваабаронцу было адмоўлена ў правядзенні масавага мерапрыемства.
Запланаванае вулічнае шэсце павінна было праходзіць па наступным маршруце: тратуар па вуліцы Савецкай ад крамы “Прырода” – плошча Леніна – скульптурная кампазіцыя “Купалінка”– эстрадная пляцоўка – плошча да эстраднай пляцоўкі каля ракі Прыпяць – набярэжная ракі Прыпяць да маста.
Папярэдне, 4 ліпеня, Уладзімір Целяпун звярнуўся з заявамі на заключэнне дамоваў да кіраўнікоў неабходных дзяржаўных устаноў, як таго патрабуе новае рашэнне. Кіраўнікі гэтых установаў перанакіравалі заявы праваабаронцы да сваіх намеснікаў, каб яны далі адказы ў тэрміны, прадугледжаныя Законам “Аб зваротах грамадзян”.
Але ці лёгка было праваабаронцу патрапіць у кабінеты да кіраўнікоў?
- Гэты працэс варты асобнага апісання, - распавядае Уладзімір. - Ва ўсіх у дзень прыёму грамадзян вызначаны час - з 14-00 да 20-00. Напрыклад, давялося пабегаць да намесніка генеральнага дырэктара КЖУП “Мазырскі райжылкагас” Тураўца: на працоўным месцы яго не было ні каля трох гадзінаў дня, ні ў 18.30, ні ў 19.45…
Праз некалькіх дзён Уладзімір Целяпун быў запрошаны ў юрыдычны аддзел КЖУП “Мазырскі райжылкагас” праз тэлефонны званок, там была падпісана дамова на ўборку тэрыторыі пасля правядзення масавага мерапрыемства тэрмінам да 15 снежня 2012 года.
Ад сустрэчы з галоўным урачом і юрыстамі паліклінікі ў праваабаронцы склалася ўражанне, быццам бы яны не маюць уяўлення пра Закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і рашэнне Мазырскага райвыканкама №1202 ад 15.09.2011г.
- На свае масавыя мерапрыемствы яны не пішуць заяваў у райвыканкам і не прыкладаюць дамоваў аб аплаце паслугаў пры яго правядзенні, - распавёў Целяпун. - Ды і сам Закон “Аб зваротах грамадзян” яны, актывісты “Белай Русі”, не лічаць патрэбным выконваць. Напрыклад, адказ павінен быць прадастаўлены па сутнасці заяўленых патрабаванняў і на мове заяўніка, а мазырская арганізацыя “Белай Русі” ігнаруе беларускую мову, якая з’яўляецца дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь…
З парушэннямі Закона “Аб зваротах грамадзян” праваабаронцу быў дасланы і адказ падпалкоўніка Сяргея Кадобы з Мазырскага РАУСа.
- На сённяшні дзень пройдзены ўсе нацыянальныя судовыя інстанцыі і рыхтуецца скарга ў Камітэт ААН па правах чалавека, - кажа Уладзімір Целяпун. - Другая спроба абараніць сваё права на публічнае выказванне меркавання, публічную салідарнасць з рэпрасаванымі па палітычных матывах грамадзянамі толькі пачынаецца. Магчыма, мне і не адмовяць…
Падводзячы вынікі ўсёй гэтай гісторыі, праваабаронца засяроджвае ўвагу на тым, што цяперашні рэжым у Беларусі пазбаўляе ўсіх грамадзянаў Беларусі права мець правы. Права як такога, па сутнасці.