viasna on patreon

Мазыр: чаканая адмова Уладзіміру Целяпуну

2012 2012-07-27T17:46:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cieliapun-pikiety.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун

Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун

26 ліпеня праваабаронца Уладзімір Целяпун атрымаў адмоўныя адказы з райвыканкама і райсавета Мазыра на свае заявы аб правядзенні вулічнага шэсця ў цэнтры горада. Мерапрыемства было запланавана на 4 жніўня з мэтай распаўсюду ўлётак з інфармацыяй пра Алеся Бяляцкага і патрабаваннем  спыніць супраць крымінальны пераслед праваабаронцы.

Такім чынам Уладзімір Целяпун хацеў прыцягнуць увагу ўсіх структур грамадзянскай супольнасці Беларусі да справы салідарнасці  і падтрымкі правабарончых арганізацый і правабаронцаў, грамадзянаў, у тым ліку і кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта, якія былі незаконна асуджаныя за падзеі19 снежня 2010 года, і ўсіх, хто сутыкаецца цяпер з пераследам за свае перакананні і палітычныя погляды.

Лісты-адказы, якія атрымаў Уладзімір Целяпун, падпісаны намеснікам старшыні Мазырскага райвыканкама Феліксам Галюком і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Гвоздзем. Па сваім змесце яны аднолькавыя.

Адмаўляюць Уладзіміру Целяпуну ў правядзенні заяўленага мерапрыемства па прычыне неадпаведнасці патрабаванням артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” , у якім гаворыцца, што “вулічнае шэсце – арганізаваны масавы рух групы грамадзянаў па пешаходнай ці праезжай частцы вуліцы (дарогі), бульвара, праспекта, плошчы ў мэтах прыцягнення ўвагі да якіх-небудзь праблемаў або публічнага  выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту.

А ў заяве паказаная колькасць удзельнікаў вулічнага шэсця – адзін чалавек, што не адпавядае вызначэнню “вулічнае шэсце”, дадзенаму ў Законе” – чытаем у лісце, падпісаным Сяргеем Гвоздзем,старшынёй раённага Савета дэпутатаў.

Абедзьве ўстановы прапануюць абскардзіць сваё рашэнне ў судовым парадку.

Для Уладзіміра Целяпуна адмоўны адказ - чаканы.

- Артыкул 35 Канстытуцыі толькі дэкларуе, што свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацыі і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзянаў, гарантуецца дзяржавай.

Так, свабода гарантуецца, але не гарантуецца права скарыстацца гэтай свабодай.  Мне забаранілі нават шпацыраваць па цэнтры горада.  Аднак, па тратуары ў гэты час, з 17-00 да 20-00, буду ісці не адзін я, шмат людзей ідзе ў парк адпачываць, мазырчукі ўвечары шпацыруюць уздоўж ракі. Таму ўжо будзе масавы рух грамадзян, і неабавязкова, каб усе  яны былі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства. Хто пажадае – возьме ў мяне ўлётку, каб даведацца пра маё меркаванне, праблемы, якія мяне хвалююць. Хто не пажадае – пройдзе міма…

 Уладзімір Целяпун не першы раз падае заяву на правядзенне масавага мерапрыемства, пікетаў. І яму заўжды даюць адмоўны адказ. Але, па словах праваабаронцы, сцвярджаць, што няма ніякіх зрухаў – няправільна:

-Ужо тое, што мне, беларусу, пачалі дасылаць адказы (хоць і адмоўныя) па-беларуску – хіба гэта не зрух з мёртвай кропкі бяспамясцтва пра тое, хто мы ёсць?! Чыноўнікі ўрэшце пачыталі Закон і пачалі ў якасці аргумента адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства прыводзіць артыкулы з Закона, а не прапаноўваць ладзіць пікет на стадыёне “Спартак”.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства