Заўтра Менгарсуд разгледзіць касацыйную скаргу Васіля Парфянкова
24 ліпеня а 10-й гадзіне раніцы ў Менскім гарадскім судзе пачнецца разгляд касацыйнай скаргі грамадскага актывіста Васіля Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананне ўмоваў прэвентыўнага нагляду, устаноўленага судом (артыкул 421 КК РБ).
29 траўня Васіль Парфянкоў быў асуджаны па артыкуле 421 КК Рэспублікі Беларусь суддзёй Першамайскага раёна Менска Сяргеем Бандарэнкам. Прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год, у парушэнні якога прызнаны вінаватым былы палітвязень, быў устаноўлены за ім з 5 студзеня бягучага года. Падставай для гэтага стаў актыўны ўдзел Парфянкова ў грамадска-палітычным жыцці пасля таго, як ён у ліку іншых вязняў Плошчы-2010 быў вызвалены ў жніўні 2011 года ў адпаведнасці з указам прэзідэнта пра памілаванне.
Нагадаем, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” разглядае прысуд Васілю Парфянкову як цалкам палітычна матываваны, а самога актывіста будзе лічыць палітычным вязнем - з пачатку адбыцця пакарання.