Бабруйскія забастоўшчыкі збіраюцца судзіцца са СМІ
Гісторыя з “італьянскай забастоўкай” http://spring96.org/be/news/54168 на бабруйскім прадпрыемстве дасюль не скончылася. На афіцыйным сайце завода трактарных дэталяў і агрэгатаў з’явіўся атрыкул пад назвай “Об информационной ситуации сложившейся вокруг РУП БЗТДиА”. У ім гаворыцца, што адна з брыгад завода збіраецца судзіцца з “асобнымі інтэрнэт-рэсурсамі” з-за няправільна пададзенай, на іх думку, інфармацыі.
У прыватнасці, аўтар артыкула незадаволены тым, што СМІ пісалі пра “сотні бастуючых” і размяшчалі фотаздымкі рабочых, якія “не мелі ніякіх адносінаў да таго, што адбывалася, ці ўвогуле не працавалі на прадпрыемстве”. Ён піша, што “работнікі завода, чые фотаздымкі размешчаныя ў інтэрнэце, вельмі абураныя тым, што іх імем скарысталіся для выкладу інфармацыі, якая не суадносіцца з рэальнасцю”.
Таксама сайт завода прыводзіць словы брыгадзіра Валерыя Галенкі, які кажа, што іх брыгада -- адна з лепшых на прадпрыемстве, і таму яны вельмі абураныя тым, як асвятляецца ў СМІ сітуацыя ў іх цаху.
-Заробак на сённяшні дзень нас цалкам задавальняе. Ніякіх акцый мы не праводзілі. Мы плануем у бліжэйшы час падаць зыскавую заяву ў суд аб абароне гонару і годнасці членаў нашай брыгады на інфармацыйныя выданні, якія размясцілі нашу фатаграфію пад інфармацыяй не адпаведнай рэчаіснасці, - цытуе словы Галенка сайт ТДіА.
Таксама бабруйскім праваабаронцам стала вядома, што на заводзе сёння былі апячатаныя дзверы офіса незалежнага прафсаюза. Нагадаем, што зусім нядаўна яго лідэр Міхаіл Кавалькоў дабіўся праз суд вяртання пастаяннага пропуска http://spring96.org/be/news/53096, але карыстаўся ім нядоўга – яго зноў заблакавалі, нібыта з-за яго няспраўнасці. Сам старшыня СПБ пакуль ніяк не каментуе падзе вакол ТДіА і прафсаюзнай пярвічкі.