Справу Пачобута могуць «пашырыць»
Сёння Андрэя Пачобута выклікалі ва Упраўленне следчага камітэту РБ па Гродзенскай вобласці.
Як распавёў прэс-службе ГА «БАЖ» сам журналіст, з ім размаўляў следчы Арсень Нікольскі, што вядзе яго справу.
«Мяне азнаёмілі з пастановай аб стварэнні следчай групы, якая будзе расследаваць заведзеную супраць мяне крымінальную справу. А таксама з матэрыяламі экспертызы дакументальнага фільма "Skazany na polskość", паказанага 24 сакавіка 2012 г. на канале “TVP Białystok”.
Па словах Андрэя Пачобута, прэтэнзіі могуць быць выстаўленыя і да аўтараў фільма, і да яго як галоўнага героя стужкі. Экспертызу рабіла цэлая група навукоўцаў, сярод якіх – дырэктар Інстытуту мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН РБ Аляксандр Лукашанец. Некаторыя з экспертаў угледзелі ў пэўных эпізодах фільма склад злачынства.
«Размова была даволі кароткай – следчы проста паказаў мне паперы – і ўсё. Я ж не даю ніякіх паказанняў», - дадаў Андрэй Пачобут.
Нагадаем, што 21 чэрвеня Андрэя Пачобута затрымалі ў яго ўласнай кватэры ў Гродна, дзе правялі ператрус. 22 чэрвеня з’явілася інфармацыя пра тое, што Упраўленне Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці ўзбудзіла супраць журналіста крымінальную справу за паклёп на прэзідэнта краіны”. Справа заведзена “па матэрыялах праверкі УКДБ” паводле ч. 2 арт. 367 “Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Тыдзень Андрэя ўтрымлівалі пад вартай, а 30 чэрвеня прад'явілі яму афіцыйнае абвінавачанне і адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.