Мікалай Уласевіч абскарджвае красавіцкі ператрус
Грамадскі актывіст з Мястэчка Варняны Астравецкага раёну Мікалай Уласевіч накіраваў скаргі ў суд і пракуратуру. Першая скарга пададзеная ў суд Астравецкага раёну на дзеянні Астравецкага РАУС і пракурора раёну ў звязку з праведзеным 26 красавіка ў доме Уласевіча ператрусу. У суд Мікалай Уласевіч падаў скаргу асабіста. Другая скарга накіраваная заказным паштовым адпраўленнем на імя пракурора Гарадзенскай вобласці. Мікалай Уласевіч звяртае ўвагу на парушэнні заканадаўства службовымі асобамі і на перавышэнне імі сваіх паўнамоцтваў. У дзень, калі праводзіўся гэты ператрус, Уласевіча не было дома, у хаце знаходзілася толькі ягоная хворая жонка. Адразу пасля ператрусу Уласевіч ужо накіроўваў дзве скаргі – начальніку Астравецкага РАУС і ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Аднак, на абодва звароты грамадскага актывіста былі прысланыя адмоўныя адказы. Начальнік Астравецкага РАУС Уладзімір Квач сцвярджае, што нібыта праведзеная праверка не выявіла парушэнняў у дзеяннях ягоных падначаленых. А намесніца пракурора Гарадзенскай вобласці Святлана Рахман даслала фармальную адпіску пра нібыта законнасць адміністрацыйнай меры.
Уласевіч у сваёй заяве ў суд звяртае ўвагу на сістэмны незаконны пераслед яго асобы з боку мясцовай міліцыі, просіць прызнаць у судовым парадку дзеянні Астравецкага РАУС і пракурора Астравецкага раёну Аляксандра Марцінчыка па правядзенні агляду дома, які насамрэч быў вобыскам, незаконнымі і неабгрунтаванымі. Уласевіч патрабуе аднавіць яго парушаныя правы.
У скарзе пракурору вобласці Уласевіч таксама прыводзіць факты парушэння заканадаўства і злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі міліцыяй і чыноўнікамі Астравецкага раёну і просіць правесці праверку па факце няпраўнай дзейнасці работнікаў праваахоўчых органаў, улучна з раённым пракурорам Марцінчыкам.