Моўчана будуць судзіць за несанкцыянаванае пікетаваньне
Судовую справу зьбітага міліцыянтамі актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Моўчана будуць разглядаць у судзе Першамайскага раёну Менску 4 ліпеня.
«Сёньня
я атрымаў позву, у якой напісана — зьявіцца 4-га
ліпеня ў суд Партызанскага раёну Менску ў 15.30. Мая справа
праходзіць па артыкуле 23.34 — несанкцыянаванае пікетаваньне.
Прозьвішча судзьдзі не пазначанае», — сказаў Моўчан.
19 траўня Андрэй Моўчан разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг каля ўнівэрсаму «Першамайскі»
ў менскім мікрараёне Ўручча на знак салідарнасьці зь Сяргеем
Каваленкам. Міліцыянты затрымалі яго і жорстка зьбілі. Паводле папярэдняй
высновы лекараў, у Андрэя была чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй
сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.
25 траўня Андрэя Моўчана выпісалі са шпіталя хуткай дапамогі,
накіраваўшы на лячэньне ў паліклініку. У эпікрызе пры выпісцы
пазначана толькі тое, што ён атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму.
Пералом сківіцы, а таксама іншыя траўмы стаяць пад пытаньнем.
28 траўня на Андрэя Моўчана ў міліцыі склалі два
адміністрацыйныя пратаколы. Адзін — паводле стандартнага ўжо для
апазыцыянэраў артыкула 17.1, што нібыта лаяўся матам. Другі — 23.34,
несанкцыянаванае пікетаваньне.