Гародня: у судах - суцэльная карпаратыўная “салідарнасць”
Прадказальнай адмовай завяршыўся разгляд скаргі жыхара Гародні Уладзіміра Фяненкі, якую ён падаў у абласны суд на прысуд Ленінскага раённага суда. Судовая калегія, якая разглядала касацыйную скаргу, не захацела заглыбляцца ў яе сутнасць і па-фармалісцку адвяла на зацвярджэнне “законнасці прысуду” хвілін дваццаць.
Нагадаем, што адміністратыўны працэс у дачыненні Уладзіміра Фяненкі, якога звінавацілі нібыта ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі пры патрабаванні праходжання дактыласкапіі, была расцягнутая ў часе. Па-сутнасці, службовыя асобы сфальшавалі пратакол, які быў складзены завочна. Пры гэтым “вызначыўся” супрацоўнік міліцыі Юрый Радзюн, а прадстаўнік Ленінскага РАУС Пётр Друць выступаў сведкам. Апошні зараз фігуруе ў аналагічным адміністратыўным працэсе па справе праваслаўнага святара Мікалая Гайдука, суд над якім перанесены на 22 красавіка. Пратакол па справе Фяненкі пасылаўся на дапрацоўку і ўрэшце суддзя Ленінскага раённага суда Гародні Мікалай Сяргейка 11 красавіка прысудзіў абвінавачанаму 2 мільёны штрафу.
Уладзімір Фяненка, нягледзячы на адмоўны вынік разгляду яго скаргі ў абласным судзе, мае намер дамагацца справядлівасці далей і падаць скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.