У Гародні суд над святаром перанесены
12 чэрвеня ў Гародні пачаўся разгляд адміністратыўнай справы праваслаўнага святара Мікалая Гайдука, якога вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі і адмове прайсці дактыласкапію. Падтрымаць айца Мікалая прыйшлі святары розных гарадзенскіх храмаў, журналісты і праваабаронцы, а таксама звычайныя прыхаджане – агулам ў будынку суда Ленінскага раёну сабралася каля 100 чалавек. Зала ледзь змясціла ўсіх ахвотных прысутнічаць на судовым паседжанні, некаторыя людзі нават стаялі.
Разгляд справы быў прызначаны на 14-ю гадзіну, але суддзя Ксенія Стасюкевіч пачала працэс толькі ў 14:23. Пасля ўступных фармальнасцяў Мікалай Гайдук заявіў хадайніцтва з просьбай весці відэа- і фотаздымку. Суддзя гэтае хадайніцтва адхіліла, дазволіўшы толькі аўдыёзапіс.
Пасля гэтага адразу выявілася, што міліцыянты, якія складалі пратакол нібыта пра адміністратыўнае правапарушэнне, не з’явіліся ў суд. Быў абвешчаны перапынак. Вярнуўшыся ў залу суду праз 17 хвілін суддзя Стасюкевіч паведаміла, што супрацоўнікі міліцыі Тадэвуш Матукевіч і Пётр Друць не могуць сёння прысутнічаць на судовым працэсе, паколькі заняты на працоўным месцы. Было абвешчана, што разгляд адміністратыўнай справы пераносіцца на 22 чэрвеня на 14-ю гадзіну.
Між тым, супрацоўнік міліцыі Пётр Друць, які ўжо “засвяціўся” у справе іншага засуджанага нібыта за адмову здаць адбіткі пальцаў – Уладзіміра Фяненкі, у будынку суда быў. У справе Мікалая Гайдука ён фігуруе ў пратаколе як сведка.
Праваабаронцы мяркуюць, што такі перанос судовага працэсу звязаны найперш з тым, што справа набыла рэзанансны характар. Відавочна, што супрацоўнікі міліцыі пры складанні пратакола парушылі заканадаўства і цяпер улады шукаюць спосаб захаваць “гонар міліцэйскага мундзіру” і адначасна неяк залагодзіць грамадскую думку, паколькі ўпершыню ў аналагічных працэсах прадстаўнікі праваслаўнай канфесіі занялі цвёрдую і прынцыповую пазіцыю.