viasna on patreon

МЗС лічыць беларусаў дастаткова абароненымі ад гвалтоўных знікненняў

2012 2012-04-27T18:30:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zniklyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністэрства замежных справаў лічыць, што Беларусі няма неабходнасці далучацца да Міжнароднай канвенцыі па абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, паколькі яе палажэнні рэалізаваны ў заканадаўстве РБ  – крадзёж людзей адносіцца да катэгорыі злачынстваў супраць чалавецтва і прадугледжвае крымінальную адказнасць недапушчальнасць вызвалення ад адказнасці альбо пакараня ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны. МЗС адзначае таксама, што крымінальнае заканадаўства РБ і практыка яго прымянення таксама базуецца на строгім захоўванні гарантыі абароны ад крадзяжу людзей, за якім наступае іх знікненне.

Такая пазіцыя МЗС выкладзена ў адказе на зварот, якія дасылалі Святлана Завадская, Сяргей Бахун і праваабаронца Раман Кісляк. Пры гэтым яны звярталіся ў Савет міністраў з прапановай падпісаць і ўнесці ў парламент на ратыфікацыю дадзеную Канвенцыю, таму, канешне, не задаволены такім адказам.

Па словах юрыста –праваабаронцы Рамана Кісляка, МЗС РБ і іншыя дзяржаўныя органы проста не разумеюць сутнасці справы. Названыя ў адказе крымінальныя артыкулы прадугледжваюць пакаранне за крадзёж чалавека, а не за гвалтоўнае знікненне. Згодна з азначэннем Канвенцыі, гвалтоўным знікненнем лічыцца арышт, затрыманне, крадзёж альбо пазбаўленне свабоды ў любой іншай форме прадстаўнікамі дзяржавы альбо асобамі, альбо групай асобаў, якія дзейнічаюць з дазволу, пры падтрымцы альбо са згоды дзяржавы пры далейшай адмове прызнаць факт пазбаўлення свабоды і сакрыцці лёсу і месцазнаходжання зніклай асобы. У выніку гэтая асоба застаецца без абароны закона. Гвалтоўнае знікненне – гэта заўсёды дзеянні прадстаўнікоў дзяржавы або інышх асобаў пры падтрымцы ўлады. Больш таго, каб здзейсніць гвалтоўнае знікненне, неабавязкова красці чалавека: калі адбываецца затрыманне, а пасля гэтага месца знаходжанне затрыманага замоўчваецца – гэта таксама гвалтоўнае знікненне.

У Канвенцыі ёсць механізмы, аналагаў якім няма ў беларускім заканадаўстве. Гэта, напрыклад, механізм, які прадухіляе стварэнне ў Беларусі сакрэтных турмаў, абавязвае праваахоўныя органы весці спісы ўсіх затрыманых. Усё гэта прадухіляе як гвалтоўныя знікненні, так і іншыя супрацьпраўныя дзеянні праваахоўных органаў. Таксама створаны шэраг механізмаў міжнароднага кантролю для прадухілення гвалтоўных знікненняў.

Заяўнікі працягнуць інфармаваць МЗС РБ і іншыя дзяржаўныя органы аб сутнасці зместу Канвенцыі і аб неабходнасці далучэння да яе.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства