viasna on patreon

Еўрасаюз заклікаў афіцыйны Мінск вызваліць астатніх палітзняволеных

2012 2012-04-17T12:02:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўніцтва Еўрасаюза вітае вызваленне экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава і яго даверанай асобы на выбарах Дзмітрыя Бандарэнкі. З адпаведнымі заявамі выступілі 15 красавіка вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар па пытаннях пашырэння Штэфан Фюле і старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц.

Пры гэтым усе яны падкрэслілі, што палітзняволеныя, якія застаюцца ў турме, таксама павінны быць вызвалены.

"Я вітаю навіну аб тым, што былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і яго давераная асоба Дзмітрый Бандарэнка цяпер свабодныя і могуць уз`яднацца са сваімі сем`ямі і сябрамі", — сказала Эштан.

Паводле яе слоў, Саннікаў і Бандарэнка з`яўляюцца "выдатнымі сімваламі за іх нястомную працу і прыхільнасць да ідэі дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі". "Я заклікаю ўлады Беларусі безагаворачна вызваліць цяпер усіх іншых палітычных зняволеных і зняць усе абмежаванні на ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў. Гэта, безумоўна, будзе спрыяць магчымасці прасоўвацца наперад у кірунку паляпшэння адносін паміж ЕС і Беларуссю", — сказала Эштан.

У сваю чаргу, Штэфан Фюле адзначыў, што вызваленне Саннікава і Бандарэнкі з`яўляецца "першым фундаментальным захадам, якога, зразумела, можна было чакаць у сітуацыі, калі Лукашэнка абяцаў дараваць тым, хто пра гэта прасіў".

Пры гэтым ён падкрэсліў, што "супраць прынцыпаў сучаснай Еўропы і супраць чалавечай годнасці прымушаць людзей прызнацца ў тым, чаго яны ніколі не ўчынялі, калі іх адзінае "злачынства" — выказванне іх думкі".

"ЕС неаднаразова падкрэсліваў, што ўсе палітычныя зняволеныя павінны быць вызвалены і рэабілітаваны, толькі тады мы можам разглядаць нармалізацыю адносін з Мінскам", — сказаў Фюле. Ён адзначыў, што пасля вызвалення Саннікава і Бандарэнкі павінны "быць далейшыя захады".

Кіраўнік Еўрапарламента Марцін Шульц таксама вітаў вызваленне двух палітзняволеных. "Гэта выдатная навіна, але са спазненнем на 16 месяцаў. Гэтыя два барацьбіты за свабоду наогул не павінны былі апынуцца ў турме", — заявіў Шульц.

Ён таксама заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітзняволеных, якія яшчэ застаюцца ў турме, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча і праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

Андрэй Саннікаў быў вызвалены з калоніі "Віцьба-3" вечарам 14 красавіка на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні.

Палітык быў арыштаваны вечарам 19 снежня пасля разгону мітынгу грамадзян, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў, і з таго часу знаходзіўся ў зняволенні. У маі 2011 года яго прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня.

У канцы студзеня жонка Саннікава паведаміла, што пад уздзеяннем катаванняў і пагроз у адрас сям`і ён вымушаны быў напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Гэту інфармацыю абвергла МУС.

5 красавіка на нарадзе па знешняй палітыцы Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам разгледзіць пытанне аб памілаванні некаторых асуджаных апазіцыйных палітыкаў. "Вельмі шмат у апошні час гавораць пра нейкіх палітзняволеных. У нас у Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў", — падкрэсліў ён.

Таксама 15 красавіка стала вядома аб вызваленні з магілёўскай калоніі № 15 каардынатара грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Дзмітрыя Бандарэнкі. Яго жонцы Вользе Бандарэнцы 15 красавіка раніцай патэлефанаваў невядомы мужчына, які расказаў аб просьбе Дзмітрыя перадаць, што ён едзе ў Мінск з Магілёва ў маршрутным таксі.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Бандарэнка быў адной з ключавых фігур каманды кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Ён быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені 2011 года яму зрабілі аперацыю на пазваночніку.

У канцы студзеня гэтага года Бандарэнку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя: яго абавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у страі і нават забаранілі карыстацца мыліцай.

Пасля таго як 1 лютага асуджаны палітык напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства