Мастака з Маладзечна год “круцілі” ў турме па мінскім выбуху ля стэлы
У руках Дзмітрыя Сухецкага выбухнуў лак, які ён сам рабіў. Хлопец пазбавіўся трох пальцаў на руцэ і на 13 месяцаў трапіў за краты пад падазрэннем у тэрарызме.
Еўрарадыё: Вы звычайны малады мастак, а ледзь не сталі вядомы як чарговы беларускі тэрарыст. Што гэта за гісторыя?
Дзмітрый Сухецкі: Здарылася гэта 10 чэрвеня 2009 года. Я напісаў ультрамарынам карціну, а ультрамарын быў з соллю. Ад святла ён пачаў бялець, мне гэта не спадабалася і я вырашыў пакрыць яе лакам. У той час я любіў хімію і неяк вычытаў у часопісе рэцэпт адмысловага лака — ён спачатку зялёнага колеру, а потым робіцца бескаляровым. Інгрэдыенты самыя звычайныя — штосьці ёсць у кожнай кватэры, штосьці ў мяне было з тых часоў, як захапляўся хіміяй, вырошчваў крышталі. Але, па вялікім рахунку, у хіміі я — дылетант. Пачаў гэты лак гатаваць у сваёй кватэры, змешваў у колбе — і раптоўна адбыўся выбух. Дрэнна памятаю той момант, перад вачыма — толькі як я гляджу на сваю руку, а ў мяне вісяць жылы, кроў свішча... Я патэлефанаваў сваёй дзяўчыне, маці, выклікалі “хуткую”.
Еўрарадыё: Наколькі я ведаю, пра ўсе здарэнні такога кшталту медыкі павінны інфармаваць праваахоўныя органы...
Дзмітрый Сухецкі: Прыйшоў у свядомасць пасля аперацыі, прышпілены кайданкамі да ложка. І адразу пачалі міліцыянты распытваць, што адбылося. У той дзень я быў яшчэ пад уздзеяннем наркоза і нічога не мог адказваць, на наступны дзень пытанні пачалі задаваць наноў. Як высветлілася, у дзень, калі гэта са мной здарылася, у Маладзечне праводзілася вялікае святкаванне дня выпускніка — можа, яны падумалі, што я рыхтаваў да гэтага свята нейкую выбухоўку. Такім чынам стаў падазраваным у тэрарызме.
Еўрарадыё: Вас там і пакінулі — у Маладзечна?
Дзмітрый Сухецкі: Не, мяне павезлі ў Мінск, у Рэспубліканскі турэмны шпіталь. Там было жахліва: дзікі боль у руцэ, а лекаў давалі — трайчатку: дымедрол, папаверын і анальгін. Усё, заколвалі антыбіётыкамі! Не мог ад болю спаць начамі, быў у шоку. І ў гэты час да мяне пачалі прыходзіць следчыя, адвакаты, выклікаў да сябе турэмны следчы. Усе распытвалі: “Што адбылося? Што я гатаваў? Дзе быў 3 ліпеня 2008 года?” Тады я зразумеў, што мяне палічылі тэрарыстам, і нават жахліва стала ад разумення таго, у якую гісторыю я патрапіў. На волю я выйшаў толькі праз 13 месяцаў.
Еўрарадыё: Дзе вы знаходзіліся ўвесь гэты час?
Дзмітрый Сухецкі: Як толькі я крыху ачуняў, мне знялі спіцы з пераламанай рукі і двух пальцаў, што засталіся, і павезлі ў Жодзіна. Праз пэўны час перавезлі ў Маладзечна, адтуль — ізноў у Жодзіна. Яшчэ праз колькі часу павезлі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. Адтуль накіравалі чакаць суда ізноў у Жодзіна. Суда я там чакаў амаль да канца 2009 года.
Еўрарадыё: І цягам усяго гэтага часу з вамі “працавалі” следчыя па выбуху?
Дзмітрый Сухецкі: Так. Нават калі я ўжо выйшаў на волю, супраць мяне хацелі наноў распачаць звязаную з гэтым выбухам справу, але яна развалілася, бо не было ніякіх ні ўлік, ні доказаў маёй “тэрарыстычнай дзейнасці”.
Еўрарадыё: Дык а ў чым жа вас у выніку вінавацілі, калі “тэрарызму” не было, але справа да суда ўсё ж дайшла?
Дзмітрый Сухецкі: Абвінавачванне не мела ніякага дачынення
да выбуху. У мяне дома знайшлі наркотык — марыхуану.
Еўрарадыё: Ваша марыхуана?
Дзмітрый Сухецкі: Насамрэч — не. Але я следчым сказаў, што мая, бо так было прасцей. Я баяўся, што ў адваротным выпадку мяне пасадзяць невядома на колькі невядома за што. Падчас допытаў пра марыхуану ў мяне запыталіся ўсяго некалькі разоў: што? як? адкуль? Я ўсё сказаў. Але мяне пастаянна распытвалі пра тое, што я рыхтаваў, што выбухаў, дзе быў 3 ліпеня. Следчых цікавіла толькі гэта, нікога тая марыхуана не цікавіла абсалютна!
Еўрарадыё: І як да вас ставіліся іншыя вязні?
Дзмітрый Сухецкі: Яшчэ ў шпіталі я патрапіў у адзін пакой з вязнем, хворым на адкрытую форму сухотаў. Мы з ім, можна сказаць, пасябравалі, і ён мяне шмат чаму навучыў: як сябе паводзіць, што рабіць можна, а што — нельга. Да таго ж, я ж мастак і там я маляваў партрэты зэкам. Цягам усяго часу абыходзіліся са мной добра.
Еўрарадыё: Чым скончылася гэтая ваша адседка?
Дзмітрый Сухецкі: Псіхіятрычная экспертыза прызнала, што ў мяне на момант здзяйснення “сацыяльна небяспечнага злачынства”, менавіта так яны назвалі выбух у маёй кватэры, быў разлад шызапабоднага характару. Гэта нешта сярэдняе паміж нармальным чалавекам і шызафрэнікам. І суд прызначыў мне за марыхуану паўгода лекавання ў закрытым аддзяленні Навінак. Вось там я і адбываў сваё пакаранне. Мне падаецца, было неабходна закрыць справу, каб яна прайшла праз суд і я быў пакараны. На свабоду канчаткова я выйшаў 7 ліпеня 2010 года.
Еўрарадыё: Пасля вяртання з Навінак не было жадання абскардзіць прысуд?
Дзмітрый Сухецкі: У Навінках у мяне быў нервовы зрыў. Пачалася паніка, дэпрэсія, я плакаў, не знаходзіў сабе месца. Мне было так дрэнна, што я нават дыхаць нармальна не мог — сэрца з грудзей выскоквала. Гэта быў посттраўматычны стрэсавы сіндром. Амаль год гэта трымалася ў мяне, пакуль не адбыўся суд, а пасля — вылілася з мяне. Карацей, мяне на той момант сапраўды было ад чаго лячыць. Я і выйшаў з Навінак з дэпрэсіяй. Мне нічога не хацелася — я марыў быць на вёсцы, касіць, капаць бульбу, маляваць, быць з дзяўчынай, але каб не было ніякіх інстанцый, нічога!
За гэты час я стаў значна лепшым мастаком. У Навінках я напісаў шэраг пастэльнай графікі — даволі “цёмныя” працы, але я лічу, што гэта быў пераломны перыяд у маёй творчасці. Я нават дзесьці рады таму, што я быў мастаком у турме — гэта мне дапамагло.
Еўрарадыё: Была гісторыя з выбухамі ў Віцебску ў 2005 годзе, за якія спачатку затрымалі братоў Мурашак. Потым абвінавачанні з іх знялі, але хлопцы распавядалі мне, што і пасля вызвалення яны клапаціліся аб сваім алібі. А да вас пасля вызвалення цікавасць з боку праваахоўных органаў была?
Дзмітрый Сухецкі: Я раблю тое ж, што і яны! Я збіраю чэкі, паўсюль бяру з сабой фотаапарат і як мага часцей фатаграфуюся. Да мяне рэдка нешта прыходзіць ці тэлефануе — мяне выпхнулі ў Навінкі, я дурны — што з мяне ўзяць міліцыянтам! Але я дакладна ведаю, што ёсць чалавекі 3-4, якія час ад часу за мной сочаць, спрабуюць са мной сустрэцца, распытваюць пра рознае, прыводзяць з сабой розных “шасцёрак”. Тыя, між іншым, распытваюць: “Дзімон, усё ж скажы, што ты выбухаў?” — прапаноўваюць выпіць. Я ніколі не п’ю гарэлкі, я зараз жыву ў бабулі на вёсцы, дапамагаю ёй. Я прывык ужо да гэтага. Яны і будуць хадзіць. Тым больш, усё, што я зараз кажу, падаць як трызненні шызафрэніка. Параноя — гэта нармальная з’ява для шызафрэніка, упэўненасць, што за імі сочаць. Тут я падстрахаваны. Адзінае — мяне ўсё ж турбуе такая слава: малады хлапец, а дурны...
Еўрарадыё: Але што пасля ўсяго перажытага засталося ў вашай душы?
Дзмітрый
Сухецкі: Гэта сістэма, я пабыў у ёй і разумею, што гэта
такое. Адзінае — я больш ніколі не хачу туды патрапіць, ні з якой нагоды. Я
буду выключна мастаком. Пасля выставы (выстава Дзмітрыя Сухецкага адкрылася 22
сакавіка ў гарадскім філіяле №1 цэнтральнай раённай бібліятэкі Маладзечна —
Еўрарадыё) на мяне найшло натхненне, я ўжо 4 новыя карціны напісаў. За два тыдні
— гэта для мяне вельмі шмат.