Паўлу Вінаградаву могуць усталяваць прэвентыўны нагляд
6 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Менска адбудзецца судовае паседжаньне па ўзмацненьні нагляду для былога палітвязня Паўла Вінаградава. Падставамі для гэтага лічацца неаднаразовыя парушэньні Кодэксу аб адміністратыўных праваапарушэньнях з моманту ягонай амністыі 14 верасьня 2011 года.
Толькі ў апошні час яго некалькі разоў затрымлівалі нібыта за брыдкаслоўе і прысуджалі да адміністратыўных арыштаў. Сёлета, напрыклад, ён адбыў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна 25 сутак.
Павел Вінаградаў згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам Беларусі будзе абавязаны:
- зьяўляцца па выкліках у органы ўнутраных спраў і даваць тлумачэньні па пытаньнях выкананьня патрабаваньняў прэвентыўнага нагляду;
- папярэджваць орган унутраных спраў аб зьмене месцаў працы і жыхарства;
- выязджаць за межы раёна (горада) толькі са згоды органа ўнутраных спраў.
Прэвентыўны нагляд прадугледжвае таксама абмежаваньні па часе знаходжаньня за межамі жыльля, а таксама забарону на наведваньне вызначаных масавых мерапрыемстваў ды іншыя абмежаваньні.
Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Мотыль.
Нагадаем, што 15 сакавіка ў судзе Перашамайскага раёну Менска прайшло судовае паседжаньне, па выніках якога быў усталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год за былым палітвязьнем Уладзімерам Яроменкам.