У Брэсце ладзяць акцыі салідарнасці з Сяргеем Каваленкам
Мясцовыя грамадскія актывісты адмысловымі ўлёткамі прыцягваюць увагу жыхароў гораду да падзеяў, што адбываюцца вакол асобы віцебскага апазіцыянера.
На ўлётках, якія з’явіліся ў шматлюдных месцах Брэста змешчаны фотаздымкі схуднелага Сяргея Каваленкі, зробленыя падчас судовага працэсу на ім, а таксама фота суддзі. Подпіс пад улеткамі: “Думаеце вас гэта не закране? Чакайце новы ГУЛАГ!”
Адначасова грамадскія актывісты напісалі лісты падтрымкі палітвязню і яго родным. Таксама яны працягваюць збор ахвяраванняў, каб падтрымаць жонку і дзяцей Сяргея, што апынуліся зараз у цяжкім матэрыяльным становішчы. У храмах Брэста адбываюцца сумесныя малітвы сябраў дэмакратычных арганізацый за выратаванне жыцця Сяргея Каваленкі, здароўе якога падарванае працяглай галадоўкай.