viasna on patreon

Міліцыя пераследуе з-за фотаздымкаў у Інтэрнэце

2012 2012-02-29T19:26:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sal-smiar-akcija-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акцыя супраць смяротнага пакарання, якая прайшла 24 лютага ў беларускай сталіцы шахцёраў, стала нагодай для пераследу яе ўдзельнікаў.

Як стала вядома праваабаронцам, салігорскага актывіста Маладога Фронту Андрэя Тычыну выклікаюць у міліцыю ў сувязі са з’яўленнем у горадзе ўлётак супраць смяротнага пакарання. Варта адзначыць, што пра распаўсюд друкаваных матэрыялаў самі міліцыянты даведаліся праз сеціва.

- Прыходзілі дадому, але мяне не было. Званілі таксама маці на працу. Сказалі, што бачылі мае фота ў інтэрнэце, на якіх я распаўсюджваю ўлёткі. Потым ужо мне самому патэлефанаваў супрацоўнік Салігорскага РАУС Аляхновіч, які патрабаваў каб я з’явіўся ў аддзяленне для дачы тлумачэнняў з гэтай нагоды. Запытваўся таксама хто распаўсюджваў улёткі ў падтрымку зняволеннага Івана Шылы, - распавядае маладафронтавец.

Каб спраўдзіць інфармацыю, салігорскі прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Леанід Мархотка скантактаваўся з міліцыянтам Аляхновічам:

- Факт выкліку маладзёна ў пастарунак ён пацьвердзіў, але звязаў гэта нібыта з беспрацоўным станам Андрэя. Маю заўвагу аб тым, што Андрэй Тычына ды яго маці кажуць пра іншую прычыну, ён каментаваць адмовіўся. Назваць сваю пасаду ды званне супрацоўнік Аляхновіч чамусці пабаяўся.

Па словах праваабаронцы, ён параіў міліцыянту выклікаць маладзёна правільна аформленай позвай. Таксама Леанід Мархотка паабяцаў прыйсці ў вольны час у пастарунак, каб асабіста пазнаёміцца з супрацоўнікам, які баіцца паведамляць праваабаронцам свае званне ды пасаду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства