Юбілей Асамблеі НДА: 15 год на варце інтарэсаў грамадзянскай супольнасьці
22 лютага Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, найбуйнейшае згуртаваньне айчынных грамадзкіх аб’яднаньняў, адзначае сваё пятнаццацігоддзе. У лютым 1997 году ва ўстаноўчым кангрэсе Асамблеі ўзялі ўдзел 250 арганізацыяў, яднаныя агульнымі каштоўнасьцямі і бачаньнем супольных інтарэсаў. Сярод іх былі аўтарытэтныя няўрадавыя арганізацыі, такія як Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна’96”, Фонд “Дзецям Чарнобыля”, Фонд імя Льва Сапегі, але таксама дзесяткі маладзёвых, экалагічных, краязнаўчых ды дабрачынных арганізацыяў ды ініцыятываў з усёй Беларусі.
На сёньняшні дзень сябрамі Асамблеі НДА зьяўляюцца больш за 300 арганізацыяў. Намаганьнямі Асамблеі былі праведзеныя шэраг гучных агульнацыянальных кампаніяў, сярод іх можна адзначыць “SOS! Трэці сэктар”, “Зробім лепш”, “Выбірай”, “Стоп 193.1!” ды іншыя. Ад 2009 году Асамблея адзначае й узнагароджвае “Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці”. Дарэчы, Праваабарончы цэнтр “Вясна” на працягу трох гадоў зьяўляецца лаўрэатам гэтай прэміі: у 2009 годзе ў намінацыі “Грамадзянская кампанія году” – за супольную з Беларускім Хельсінкскім Камітэтам ініцыятыву “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” і ў намінацыі “Крэатыў году” за супольную з Выканаўчым Бюро Асамблеі НДА, Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Моладдзю БНФ “Акцыю незарэгістраваных Дзядоў Маразоў”, у 2010 годзе ў намінацыі “Грамадзянская кампанія году” – за супольную з Беларускім Хельсінкскім Камітэтам ініцыятыву “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, а ў 2011 годзе старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі стаў “Грамадзкім лідэрам году”.
“Асамблея ўзьнікла
тады, калі мусіла. Узьнікла як згуртаваньне тых
грамадзкіх структураў, якім балела за
свабоду й дэмакратыю, за незалежнасьць і беларускую мову. Тых, хто бараніў
гэтыя каштоўнасьці задоўга да таго, як незалежныя грамадзкія арганізацыі былі
перайменаваныя ў "трэці сэктар", да таго, як зьявіўся "public
business", - узгадвае Вінцук
Вячорка, старшыня Рабочай групы Асамблеі з 1999 па 2000 год. “Наша Асамблея -- паводле маштабу зьява беспрэцэдэнтная
ў рэгіёне -- тады здолела згуртаваць сотні арганізацыяў і дзясяткі тысячаў
людзей, якія хацелі бачыць Беларусь незалежнаю, адроджанаю, без дыктатуры й
нэакамсамолаў. Мець і адстойваць прынцыповую пазыцыю ў найгалоўнейшых пытаньнях
жыцьця краіны. Зычу Асамблеі, якая вытрымала
праверку часам і нягодамі, ды кожнаму ейнаму сябру быць вернымі тым самым
пачатным каштоўнасьцям”, – сказаў сп. Вячорка.
Асамблея НДА не толькі выступае камунікатарам паміж арганізацыямі-сябрамі й
дапамагае па розных аспэктах, а таксама займаецца выданьнем рознага кшталту
аналітычнай, даведачнай і дапаможнай літаратуры па праблемах трэцяга сэктару
Беларусі.
Паводле Віталя Васількова, сябра ўсіх Рабочых групаў Асамблеі НДА ад самага пачатку, 15 гадоў Асамблея пачэсна выконвае свае першапачатковую місію - дапамагае разнастайным ініцыятывам людзей ды некамэрцыйным арганізацыям. “Усё тое, што назапашана й распрацавана за гэтыя гады намаганьнямі сябраў Асамблеі НДА – мэтадычныя выданьні, дапаможнікі, сэмінары – безумоўна, у будучыні будзе запатрабаванае”, - адзначыў Віталь Васількоў.
За гэты час Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў спрабавала тройчы атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі, аднак, з розных прычынаў, Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі. У склад Асамблеі ўваходзяць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя ініцыятывы. У ліпені 2011 году Асамблея была зарэгістраваная ў Літве.
“Супольнымі высілкамі мы працягваем агучваць і адстойваць інтарэсы ўсяго сэктару перад дзяржавай, спрыяць разьвіцьцю й посьпеху арганізацыяў-сябраў, прасоўваць каштоўнасьці дэмакратыі й грамадзянскага ўдзелу ў грамадзтве”, - адзначыў Сяргей Мацкевіч, цяперашні старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА. Ён таксама заклікаў усіх сябраў Асамблеі падтрымліваць лістамі вязьня сумленьня Алеся Бяляцкага, які ўзначальваў Рабочую групу Асамблеі ў перыяд 2000-2004 гг., а з 2004 г. па цяперашні час зьяўляецца намесьнікам старшыні групы.
Сёлета мае адбыцца VII Кангрэс Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, да ўдзелу ў якім запрашаюцца як сябры Асамблеі, так і іншыя прадстаўнікі трэцяга сэктару.