Суд не ўлічыў рашэнне Канстытуцыйнага суду
З гэтай нагоды праваабаронца Барыс Бухель накіраваў заяву ў
Канстытуцыйны суд з просьбай патлумачыць, чаму дагэтуль не выконваецца яго
рашэнне ад 17.07.2009 “Аб забеспячэнні роўных правоў у сферы працы” аб унясенні
дапаўненняў у арт. 14 Працоўнага Кодэксу ў адносна ўзросту, пола і месца
жыхарства як дыскрымінацыйных абставінаў.
У законе аб занятасці гэтае рашэнне выканана, аднак у Працоўным кодэксе гэтых
зменаў дагэтуль няма.
Нагадаем, што пытанне з невыкананнем заканадаўства і адсутнасцю ўнясення
дапаўненняў у Працоўны кодэкс былі выяўлена праваабаронцам пасля звароту да яго
магілёўца Васіля Ліпскага.
Мужчыну адмовілася працаўладкоўваць прыватная фірма “ИнТексИнвест” пасля таго,
як ён прыйшоў да іх па накіраванні ад цэнтра занятасці. Прадстаўнікі фірмы
спаслаліся на тое, што ён не пасуе ім па ўзросту. Васіль Ліпскі ўбачыў у гэтым
дыскрымінацыю і звярнуўся ў суд. Суд адхіліў яго пазоў на падставе таго, што
дапаўненні ў Працоўны кодэкс не былі дагэтуль унесены.
“Я хачу таксама атрымаць адказ на пытанне: на працягу якога перыяду часу заканадаўца
пасля прыняцця рашэння Канстытуцыйнага суду абавязаны ўнесці змены і дапаўненні
ў адпаведныя нарматыўныя і падзаконныя акты. Я прашу абавязаць заканадаўцу
ўнесці гэтыя змены ў Працоўны кодэкс, а таксама дазволіць пракурорам,
начальнікам ўпраўленняў і аддзелаў Дэпартамента дзяржінспекцыі працы, а
таксама начальнікам упраўленняў і аддзелаў занятасці і сацыяльнай абароны
выканкамаў непасрэдна прыцягваць наймальнікаў да вызначанай законам
адміністрацынай адказнасці”, - гаворыць Барыс Бухель.
Правааабаронца таксама хоча ведаць, ці абавязаны суды, іншыя дзяржаўныя
арганізацыі і грамадзяне карыстацца рашэннямі Канстытуцыйнага суда да ўнясення
зменаў і дапаўненняў у адпаведныя нарматыўныя і падзаконныя акты. Таксама Барыс
Бухель хоча, каб Канстытуцыйны суд даў прававую ацэнку сітуацыі Васіля
Ліпскага, аб адмове ў прыёме яго на працу з-за прадпенсійнага ўзросту.
“У афіцыйных абвестках аб вакансіях Законам аб занятасці насельніцтва напрамую
забаронена наймальнікам пазначаць дыскрымінацыйныя абмежаванні па ўзросту, полу
і месцу жыхарства, аднак дыскрымінацыя па ўзросту і полу шырока распаўсюджана ў
нашым грамадстве,і на гэта праваахоўныя і кантралюючыя органы не звяртаюць
увагі. У адказе Міністэрства працы пазначана, што нягледзячы на тое, што
прайшло тры гады з моманту прыняцця рашэння Канстытуцыйным судом, дагэтуль
вядзецца падрыхтоўка праекта Закона, які прадугледжвае ўнясенне зменаў і
дапаўненняў у Працоўны кодэкс”, - гаворыць Барыс Бухель.