viasna on patreon

Інваліду першай групы паабяцалі дапамагчы толькі пасля звароту да дэпутата Палаты прадстаўнікоў

2012 2012-01-25T16:42:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/invalidy-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напрыканцы мінулага тыдня ў Бялынічах прыём жыхароў раёна правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Валерый Іваноў. Сярод іншых асобаў на прыём да дэпутата завітаў жыхар гарадскога пасёлка Сяргей Хітрыкаў, які  ўжо 21 год даглядае жонку, якая з’яўляецца інвалідам першай групы.

Як паведамляе раённая газета “Зара над Друццю”, Сяргей Хітрыкаў быў вымушаны звярнуцца за дапамогай, бо іхняя кватэра знаходзіцца на трэццім паверсе аднаго са шматпавярховікаў па вуліцы Калініна ў Бялынічах. У гэтым доме няма ні ліфта, ні пандусаў для інвалідных калясак, і яму на працягу многіх гадоў даводзіцца выносіць жонку у інваліднай калясцы на вуліцу пры дапамозе суседзяў. Зараз Сяргей пастарэў, сілы ўжо ня тыя, таму звярнуўся за дапамогай, каб зрабілі хоць бы сходкі для інваліднай каляскі. Па яго словах, для гэтага патрэбна толькі некалькі дошак з крукамі для іх фіксацыі, ды неабходна прасвідраваць на лесвічных пляцоўках па дзве дзіркі. “Я і сам зрабіў бы, - кажа Сяргей Плехаў, - ды кажуць, што з майго боку гэта будзе разглядацца як парушэнне”.

Неабходна адзначыць, што намеснік прэм’ер-міністра не застаўся абыякавым да праблем інваліда-вазочніка і загадаў намесніку старшыні Бялыніцкага райвыканкама Андрэю Ерашэнку, каб праз два тыдні пытанне было вырашана.

Што ж, застаецца толькі парадавацца за шматпакутную сям’ю Хітрыкавых, але адразу ж узнікае шэраг пытанняў. У прыватнасці, чаму ў Бялынічах пытанні сходаў і пандусаў для інваліднай каляскі даводзіцца вырашаць на ўзроўні намесніка прэм’ер-міністра? Абсалютна незразумела, чым займаліся мясцовыя чыноўнікі і супрацоўнікі сацыяльнай абароны, сям’я ж інваліда першай групы жыла ў гэтым доме шмат гадоў, увесь гэты час знаходзілася на адпаведным уліку ў органах сацыяльнай абароны. Зараз мясцовыя чыноўнікі спасылаюцца на тое, што сям’я інваліда пачала звяртацца за дапамогай не вельмі даўно, таму яны не маглі вырашыць адразу гэта пытанне. Проста сорамна за дарослых людзей, бо складваецца ўражанне, што яны не чулі аб праграме па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якая дзейнічае ў краіне не адзін год. Дарэчы, аб поспехах у выкананні гэтай праграмы ў Бялыніцкім раёне не аднаразова распавядалася на шматлікіх сходах і пасяджэннях, аб небывалым клопаце пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў раёне і краіне неаднаразова пісала тая ж “Зара над Друццю” .

Але якая вартасць усіх гэтых уяўных дасягненняў, калі для таго, каб у рэшце-рэшт атрымаць сапраўдную падтрымку, прычым вельмі нязначную, інваліду прыйшлося звяртацца да намесніка прэм’ер-міністра. Адразу бачна, што абарона правоў  інвалідаў для мясцовых супрацоўнікаў сацыяльнай абароны - пытанне не вельмі актуальнае. Сумныя атрымаліся вынікі шматгадовай “напружанай” працы бялыніцкіх чыноўнікаў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі…

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства