Наталля Пінчук дзякуе ўсім за салідарнасць
18 студзеня жонка Алеся Бяляцкага перавяла на рахунак Упраўлення юстыцыі Менгарвыканкама для суда Першамайскага раёна 757 мільёнаў 526 тысяч 717 рублёў - прысуджаную суму ўрону, нібыта нанесенага ім дзяржаве.
Наталля Пінчук дзякуе кожнаму з 765 чалавек, якія такім чынам падтрымалі праваабаронцу:
“Перадаю словы падзякі ўсім, хто спрычыніўся да збору сродкаў для Алеся. Людзі пералічалі грошы ў рознай колькасці – хто пятнаццаць, хто сто, хто дзвесце тысячаў, ёсць унёскі і па мільёну. Любая сумма з’яўляецца вельмі каштоўнай, таму што яна, па сутнасці, паспрыяла таму, каб сабраць усю тую суму, якая неабходна была для кампенсацыі такзванага ўрону, нанесенага Алесем Бяляцкім дзяржаве. Шчыра дзякую усім, хто гэта зрабіў!”
24 лістапада 2011 года судом Першамайскага раёна сталіцы кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падчас разгляду Менскім гарадскім судом касацыйнай скаргі на прысуд, прызначанага на 24 студзеня, адвакат будзе хадайнічаць, каб дакументы пра пералічэнне прысуджанай сумы грошай былі далучаныя да крымінальнай справы і ўлічаныя пры вынясенні рашэння.