viasna on patreon

У Магілёве суд прызнаў законнай дыскрымінацыю па ўзросту пры ўладкаванні на працу

2012 2012-01-12T18:54:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/min_pracy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што гэта першы суд на ягонай памяці, калі закраналася пытанне ўзроставай дыскрыміцыі ў краіне. Па выніках суда выявіўся цэлы шэраг нестыковак у Працоўным кодэксе і Законе “Аб занятасці”.

 

Судзя Ганна Тулінкова праявіла зняважлівае стаўленне да рашэння Канстытуцыйнага суда і праявіла некампетэнтнасць у разуменні словаў “дыскымінацыя” і “парушэнне правоў чалавека”. Таксама быў выяўлены факт, што Цэнтр занятасці не выконвае сваіх абавязкаў па выкрыцці дыскрымінацыйных умоваў пры прыёме на працу.

 

Справа ў тым, што магілёвец Васіль Ліпскі пасля адмовы ў прыёме на працу напісаў шэраг скаргаў у розныя арганізацы і па іх рэкамендацыях падаў на неўладкаваўшую яго фірму заяву ў суд. Праз суд спадар Ліпскі патрабаваў кампенсацыі маральных і матэрыяльных стратаў. Судья Туленкова адмовіла яму ў задавальненні пазову, бо палічыла, што Васіль Ліпскі не прайшоў конкурсны адбор.

 

У судзе прадстаўнікі прыватнай фірмы “ИнТексИнвест” прызналіся, што ў накіраванні ад Цэнтра занятасці Васілю Ліпскаму яны зрабілі “тэхнічную памылку”, напісаўшы, што не прынялі яго на працу з-за ягонага ўзросту.

 

Аднак яны сцвярджалі, што нібыта ў сапраўднасці Васіль Ліпскі не быў прыняты на працу, бо не прайшоў конкурсны адбор.

 

У якасці сведкі быў дапытаны юрыст Магілёўскага гарадскога Цэнтра занятасці, які пацвердзіў парадак выдачы накіраванняў на працу пры наяўнасці вакантных месцаў у наймальнікаў.

 

Паводле гэтага юрыста, ад прыватнай фірмы “ИнТексИнвест” у Цэнтр занятасці паступілі заяўкі на вакантныя месцы. Адно з гэтых месцаў – праца ў якасці агента па снабжэнні. Улічваючы 19 гадовы вопыт работы ў снабжэнні, Васіля Ліпскага Цэнтр занятасці накіраваў на гэтае месца працы.

 

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што прадстаўнікі прыватнай фірмы далі несапраўдную інфармацыю ў Цэнтр занятасці аб тым, з якой кваліфікацыяй ім у сапраўднасці патрэбен работнік.

 

“У заяўцы Цэнтру занятасці наймальнік даў мінімальна неабходную колькасць звестак. Пры накіраванні кандыдатаў на працу, у тым ліку на “ИнТексИнвест”, супрацоўнікі цэнтра занятасці і кандыдаты на вакантнае месца кіруюцца адзіным тарыфным кваліфікацыйным даведнікам пасадаў служачых, які абавязковы для прымянення ва ўсіх арганізацыях незалежна ад формаў уласнасці”, - гаворыць Барыс Бухель.

 

Тым часам у судзе стала вядома, што наймальнік “ИнТексИнвест” у парушэнне гэтага даведніка заклаў патрабаванні на гэтае вакантнае месца значна вышэйшыя, чым пазначана ў ім. Прадстаўнік наймальніка патлумачыў гэта тым, што – гэта прыватнае прадпрыемства, і ён не абавязаны прытрымлівацца гэтага даведніка.

 

“Месца, на якое пасылаў Цэнтр занятасці Васіля Ліпскага, адпавядае па сваіх патрабаваннях тэхнічнаму выканаўцу, які павінен выконваць сваю працу пад кантролем спецыяліста альбо начальніка. Фірма “ИнТексИнвест” заклала патрабаванні, якія адпавядаюць пасадзе інжынера альбо вядучага спецыяліста. Зыходзячы са сваіх яўна завышаных патрабаванняў, яны заявілі, што Васіль Ліпскі не прайшоў кокурсны адбор на пасаду тэхнічнага выканаўцы”, - адзначае праваабаронца.

 

“У судзе стала вядома, што Цэнтр занятасці не выконвае патрабаванні закона аб занятасці. У гэтым законе прыведзены пералік формаў дыскрымінацыі, па якіх нельга адмаўляць пры прыёме на працу. У тым ліку гэта датычыцца і ўзросту. Выпадак з Ліпскім паказаў, што Цэнтр занятасці ніяк не рэагуе на яўна дыскрымінацыйныя адмовы пры прыёме на працу, хаця мае права прыцягваць за гэта да адміністрацыйнай адказнасці. Калі ж людзі звяртаюць на гэта ўвагу, то яны кажуць, каб звярталіся ў суд”, - гаворыць Барыс Бухель.

 

Трэба адзначыць, што рашэнне Канстытуцыйнага суду з нагоды ўнясення дапаўненняў у Працоўны кодэкс з нагоды прадухілення дыскрымінацыі па ўзросту, полу і месцу жыхарства прыняты ў 2009 годзе, аднак дагэтуль змены так і не ўнесены, хаця ў законе “Аб занятасці” гэта зроблена.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства