Мінская абласная пракуратура парушае тэрміны, вызначаныя заканадаўствам
Падпалкоўніку фінансавай міліцыі ў адстаўцы Віктару Малочку ўжо больш за месяц не прыходзіць адказ з Мінскай абласной пракуратуры на яго просьбу правесці праверку па фактах незаконных затрыманняў у Салігорску ў чэрвені 2011 году.
Барацьбу за аднаўленне сваіх правоў, парушаных адвольнымі затрыманнямі ў “маўклівыя серады” мінулым летам былы салігорскі міліцыянт вядзе ўжо некалькі месяцаў. Пасля доўгай перапіскі з праваахоўнымі структурамі ды судовага разбіральніцтва Віктар Малочка атрымаў фактычныя доказы ілжэсведчанняў салігорскіх міліцыянтаў, датычных да вышейзгаданых адвольных затрыманняў. У сувязі з гэтым 8 лістапада былы падпалкоўнік звярнуўся ў Мінскую абласную пракуратуру з патрабаваннем паўторна правесці праверку з улікам хлуслівых тлумачэнняў і сведчанняў супрацоўнікаў міліцыі, а таксама па фактах саміх ілжывых сведчанняў супрацоўнікаў Салігорскага РАУС.
Тым не менш, за адведзены заканадаўствам тэрмін у адзін месяц ні канчатковага, ні папярэдняга адказу з абласной пракуратуры Віктарам Малочкам атрымана так і не было. З гэтай нагоды ён накіраўваў адпаведны ліст пракурору Мінскай вобласці А. М. Архіпаву. У сваім лісце В. Малочка таксама звяртае ўвагу на тое, што непрадастаўленне адказу на заяву з’яўляецца праушэннем Закона РБ “Аб зваротах грамадзян” з боку супрацоўнікаў Мінскай абласной пракуратуры.