Былы падпалкоўнік салігорскай міліцыі злавіў сваіх калег на ілжэсведчанні
Падпалкоўнік фінансавай міліцыі ў адстаўцы салігорац Віктар Малочка працягвае барацьбу за аднаўленне сваіх правоў, парушаных адвольнымі затрыманнямі ў “маўклівыя серады”.
Змаганне былога супрацоўніка Салігорскага РАУС са сваімі былымі саслужбоўцамі цягнецца ўжо некалькі месяцаў. Усё пачалося з ягоных затрыманняў падчас вечаровых прагулак з жонкай і гадавалай дачкой ў серады 15 і 22 чэрвеня, а ў сераду 29 чэрвеня Віктар Малочка пайшоў адразу ў РАУС сам. І хоць аніякіх пратаколаў на яго не складалі, імя Віктара Малочкі было ўнесена ў спіс патэнцыйных удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу і дастаўлена спецпаведамленнем ва УУС Мінаблвыканкаму.
Па фактах сваіх незаконных затрыманняў былы афіцэр салігорскай міліцыі звяртаўся ў Салігорскі РАУС ды пракуратуру Салігорскага раёна, адкуль атрымаў звычайныя адпіскі. Таксама Віктар Малочка звяртаўся з пазовам аб спагнанні грашовай кампенсацыі маральнай шкоды ў суд Салігорскага раёна з нагоды незаконных затрыманняў і ўтрымання ў Салігорскім РАУС. 9-га верасня суд адмовіў у задавальненні патрабаванняў падпалкоўніка ў адстаўцы.
Тым не менш, у выніку судовых разбіральніцтваў Віктару Малочка ўдалося атрымаць фактычныя доказы ілжэсведчанняў з боку супрацоўнікаў Салігорскага РАУС, датычных да адволных затрыманняў грамадзян у “маўклівыя серады” у Салігорску. У прыватнасці, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Георгій Крывальцэвіч, які нясе персанальную адказнасць за незаконныя затрыманні ў Салігорску падчас “маўклівых акцый”, даваў супрацьлеглыя сведчанні ў судзе і пракуратуры, што зафіксавана ў адпаведных судовых дакументах і адказах з пракуратуры.
З гэтай нагоды 8-га лістапада Віктар Малочка накіраваў у пракуратуру Мінскай вобласці адмысловую заяву, у якой патрабуе зноў правесці праверку па фактах незаконных затрыманняў у чэрвені 2011 году з улікам хлуслівых тлумачэнняў і сведчанняў супрацоўнікаў міліцыі, а таксама па фактах саміх ілжывых сведчанняў супрацоўнікаў Салігорскага РАУС.
Далейшых судовых разбіральніцтваў і пазоваў спадар Малочка пакуль не плануе, бо не бачыць сэнсу ў працягу сплочванні судовых пошлінаў ва ўмовах фактычнай залежнасці судоў ад выканаўчай улады.