Валянцін Стэфановіч абскарджвае ў Менгарсуд рашэнне падаткавікоў пра штраф
Паколькі суддзя Партызанскага райсуда Марыяна Валчкова 2 снежня пакінула ў сіле рашэнне Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Партызанскага раёна Менска пра штраф за нясплату падаткаў, праваабаронца просіць вышэйшую інстанцыю перагледзець адміністратыўную справу і цалкам адмяніць рашэнне падаткавай інспекцыі.
У скарзе, адрасаванай старшыні Менскага гарадскога суда, Валянцін Стэфановіч паведамляе, што пастанову ІМПЗ па Партызанскім раёне лічыць незаконнай, неабгрунтаванай і падлягаючай адмене.
У абгрунтаванне сваёй пазіцыі праваабаронца, па-першае, адзначае той факт, што 19 кастрычніка намесніца начальніка аддзела падаткавай інспекцыі Алена Кутнік прадаставіла яму на подпіс пастанову пра адміністратыўнае правапарушэнне яшчэ да разгляду справы па сутнасці, то бок ён быў прызнаны вінаватым да таго, як змог даць свае тлумачэнні. На заўвагу праваабаронцы з гэтай нагоды намеснік начальніка інспекцыі Генадзь Коваль паведаміў, што прад’яўленая Стэфановічу пастанова з’яўляецца “праектам пастановы”. “ПВКаАП Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае наяўнасці такога працэсуальнага дакумента, як “праект пастановы па справе пра адміністратыўнае правапарушэнне”, яго выраб, далейшае ўзгадненне і тым больш не прадугледжвае працэдуры азнаямлення асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністратыўны працэс, з такім “праектам”, - гаворыцца ў скарзе.
Валянцін Стэфановіч даводзіць, што гэтая акалічнасць сведчыць пра грубейшыя парушэнні службовымі асобамі падаткавай інспекцыі Партызанскага раёна патрабаванняў заканадаўства, а таксама пра тое, што справа разглядалася ўвогуле без уліку яго тлумачэнняў і іншых доказаў, якія маюць значэнне для прыняцця правільнага рашэння па справе, без іх ацэнкі з пункту гледжання датычнасці, дапушчальнасці, дакладнасці. Таксама сп.Коваль адмовіў у хадайніцтве пра поўны пераклад дакументаў па справе, у прыватнасці раздруковак з банку SEB Літоўскай Рэспублікі, у якіх інфармацыя пра мэты некаторых грашовых пераводаў падаецца па-ангельску. А гэтая інфармацыя мае вялікае значэнне для ўстанаўлення віны ў здзяйсненні правапарушэння.
Адносна разгляду папярэдняй скаргі ў судзе Партызанскага раёна Валянцін Стэфановіч адзначае грубыя працэсуальныя парушэнні з боку суддзі Марыяны Валчковай: дапусціла да ўдзелу ў працэсе трох прадстаўнікоў ІМПЗ Партызанскага раёна – намесніка начальніка інспекцыі Коваля Г.М., намеснікцу начальніка аддзела Кутнік А.Ю. і прадстаўніка юрыдычнага аддзела, што не прадугледжана патрабаваннямі ПВКаАП. “Гэтыя асобы давалі тлумачэнні суду па справе, пры гэтым іх тлумачэнні нідзе не фіксаваліся, паколькі пратакол судовага паседжання не вёўся”, - гаворыцца ў скарзе. Прытым праваабаронца звяртае ўвагу, што ў пастанове, якую вынесла суддзя Валчкова, увогуле не ўказана, што падчас разгляду справы ў працэсе ўдзельнічалі прадстаўнікі органа, які вынес пастанову пра адміністратыўнае правапарушэнне, не выкладзены тлумачэнні, якія яны давалі.
“Такім чынам, я лічу, што мая скарга была разгледжана судом Партызанскага раёна Менска з грубымі парушэннямі дзеючага заканадаўства і замест разгляду абгрунтаванасці і законнасці вынесенай ІМПЗ пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні суддзя Валчкова М.Л. правяла спаборніцкі працэс”, - паведамляе В.Стэфановіч старшыні гарадскога суда.
Праваабаронца прыкладае да скаргі шэраг дакументаў, якія маюць істотнае значэнне па справе і з’яўляюцца падставай для перагляду вынесенай пастановы. У прыватнасці, гэта дакументы ад крыніцаў, якія пералічалі грашовыя сродкі, якія пацвярджаюць прызначэнне плацяжоў – для перадачы трэцім асобам у якасці выплатаў і пераводаў ім. Гэтыя факты ўказваюць на тое, што атрыманыя Стэфановічам даходы з замежных крыніцаў не з’яўляюцца аб’ектам падаткаабкладання фізічных асобаў.
“Банкаўская раздрукоўка рахунку не мае ні адной пячаткі альбо подпісу службовых асобаў банка SEB, а таксама пячатак і подпісаў прадстаўнікоў дзяржаўнага органа Літоўскай Рэспублікі. У сувязі з гэтым я не магу пацвердзіць паўнату і правільнасць прадстаўленай істцом інфармацыі, а таксама пацвердзіць, што менавіта гэтая інфармацыя была прадастаўлена дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь і ІМПЗ па Партызанскім раёне Менска”, - звяртае ўвагу суда Стэфановіч. У сувязі з гэтым да скаргі ён прыкладае копію афіцыйнага дакумента Міністэрства юстыцыі Літоўскай Рэспублікі аб тым, што прадстаўленая раней гэтым міністэрствам інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.
Нагадаем, 19 кастрычніка падаткавая інспекцыя Партызанскага раёна Менска аштрафавала намесніка старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянціна Стэфановіча на 4 мільёны 727 тысяч 330 рублёў – за тое, што ён “па неасцярожнасці не паказаў усю суму даходу, якi падлягае падаткаабкладанню”.