Пастанову пра штраф Валянціну Стэфановічу паказалі яшчэ да разгляду справы
19 кастрычніка падаткавая інспекцыя Партызанскага раёна Менска аштрафавала праваабаронцу на 4 мільёны 727 тысяч 330 рублёў – за тое, што “па неасцярожнасці не паказаў усю суму даходу, якi падлягае падаткаабкладанню”. Валянцін Стэфановіч намераны абскардзіць гэту пастанову ў судзе цягам 10 дзён.
“Цікава, што пастанову пра штраф я ўбачыў да таго, як яе вынеслі, - адзначае Валянцін. – Мне далі яе на подпіс разам з пратаколам аб адміністратыўным правапарушэнні. То бок, рашэнне было прынятае да разгляду маёй справы па сутнасці. Гэта я пазначыў у пратаколе”.
Падчас адміністратыўнага працэсу Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва пра тое, што раздрукоўкі з банка “SEB” не перакладзены ў поўным аб’ёме, а менавіта – інфармацыя пра падставы для пераводу грашовых сродкаў ад галандскага аддзялення Amnesty International пададзена па-ангельску. Аднак хадайніцтва намеснік начальніка інспекцыі Коваль Г. М. адхіліў.
Ён прыняў рашэнне спагнаць з праваабаронцы штраф, памер якога скаладае 15% ад сумы падаткаў, якія падлягаюць спагнанню. Пры гэтым ён улічваў той факт, што на ўтрыманні Валянціна Стэфановіча знаходзіцца двое малалетніх дзяцей.
“Таксама мне было цікава, як ён устанавіў, што я “па неасцярожнасці не паказаў усю суму даходу, якi падлягае падаткаабкладанню”, яшчэ да таго, як я даў тлумачэнні па сутнасці справы”, - кажа праваабаронца.
Ён не згодны з такім рашэннем падаткавай інспекцыі і тлумачыць гэта тым, што грашовыя сродкі, якія паступалі на яго банкаўскі рахунак у Літве, не з’яўляюцца яго асабістым даходам, а таму не падлягаюць падаткаабкладанню.
“Атрымалася, што я загадзя ведаў, як мяне пакараюць. Гэта вельмі зручна. Трэба, каб такую практыку ўвялі і ў крымінальныя працэсы”, - з іроніяй падвынікаваў Стэфановіч.