Больш за тыдзень гомельскія донары не маглі атрымаць грошы за здадзеную кроў
Згодна беларускага заканадаўства, донары ў дзень здачы крыві павінны атрымліваць, акрамя вызвалення ў дзень здачы ад асноўнай працы, і грашовую кампенсацыю. Паводле новай пастановы Савета міністраў, донары павінны атрымліваць 35% бюджэту пражытачнага мінімуму, ці каля 200 тысяч рублёў. Але на Гомельскай гарадской станцыі пералівання крыві, якая адносіцца да бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, атрымалася так, што ўжо больш за тыдзень донары не могуць атрымаць грошы за здадзеную кроў. Цікава, што ў нефармальнай гутарцы супрацоўнікі станцыі пералівання крыві падкрэсліваюць, што донараў зараз менш не стала, а наадварот – у сувязі з эканамічнымі праблемамі ўсе больш людзей жадаюць палепшыць сваё матэрыяльнае становішча праз здачу крыві. Але людзі, якія цягам апошняга тыдню наведвалі станцыю пералівання крыві, часам не згаджаліся здаваць кроў ці плазму, пачуўшы, што грошай няма, ці «будуць заўтра, ці паслязаўтра».
Як аказалася, грошы «на кроў» бальніцы хуткай дапамогі выдаткоўвае гарвыканкам. Прычым выканкам выдаткоўвае грошы не мэтава – то бок на грашовую кампенсацыю донарам, а на ўсе патрэбы. І, як заўважаюць супрацоўнікі бальніцы, грошы ідуць у першую чаргу на будаўніцтва і іншыя патрэбы, а вось на кроў у апошнія часы не хапіла.
Ад пачатку месяца снежня донары не маглі атрымаць грошы, а жадаючым здаць кроў на станцыі гаварылі, што грошы будуць, але потым. Толькі 9 снежня, здаецца, пачаліся нейкія зрухі ў сітуацыі – донарам паведамілі, што грошы пералічылі на рахунак, і яны могуць атрымаць іх.
У Гомелі кроў можна здаць на станцыі пералівання крыві на вуліцы Ільіча, што ў Навабеліцы, у аддзяленнях пералівання крыві, што размешчаны ў абласной бальніцы і бальніцы хуткай дапамогі. Дарэчы, на сайце Гомельскага аблвыканкама ў раздзеле «Ахова здароўя» напісана, што «Памятайце! Быць донарам – пачэсна! Грамадзянскі абавязак кожнага здаровага чалавека – стаць донарам крыві!» Толькі чамусьці дзяржаўныя органы не заўсёды выконваюць свой абавязак перад грамадзянамі.